Пакуль венесуэльцы галадаюць, Мадура есць стэйкі, якія каштуюць сотні долараў


Жыхары Венесуэлы незадаволеныя з паводзінаў кіраўніка краіны, які абедаў у адным з самых дарагіх рэстарацыяў Стамбулу.

Нікаляс Мадура па дарозе з Кітаю наведаў кухара Нусрэта Гёкчэ на мянушку Salt Bae і пакаштаваў ягоныя фірмовыя стравы з мяса.

Кухар размясціў відэа сустрэчы ў сваім Instagram, але пасля выдаліў. Нягледзячы на гэта, відэа выклікала абурэнне ў сацыяльных сетках.

У Венесуэле ўжо доўгі час цягнецца жорсткі эканамічны крызіс. У краіне – гіперінфляцыя, бракуе харчоў, праблемы з электрычнасцю, дэфіцыт наяўных грошай. Праз жудасную эканамічную сітуацыю ў Венесуэле пачаліся пратэсты і вырас узровень злачыннасці. Людзі грамілі крамы, рабавалі мінакоў.

Паводле прагнозаў МВФ, да канца 2018 года ўзровень інфляцыі ў краіне зможа дасягнуць 1 млн %.

Некалі супраца паміж Беларуссю і Венесуэлаю была дастаткова інтэнсіўная. Гэтак за два гады пасля смерці Чавэса таваразварот з Венесуэлай спаў у 50 разоў. Раней Венесуэла пастаўляла ў Беларусь танкеры з нафтай, а Беларусь адпраўляла за акіян будаўнікоў, спецыялістаў, трактары і аўтобусы. У выніку, як летась паведамляла Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Венесуэла вінная нашай краіне больш за 100 мільёнаў долараў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў