«Пакуль Спэнсэр трымаў яго, я схапіў аўтамат і пачаў біць пысу». Два амерыканца скруцілі тэрарыста ў цягніку


Тры асобы атрымалі раненні падчас нападу 26-гадовага мараканца ў цягніку Амстэрдам – Парыж. Ахвяраў магло б быць значна больш, каб не рашучыя дзеянні двух амерыканцаў.

Падчас руху мужчына некалькі разоў заходзіў у прыбіральню з вялікім чорным заплечнікам. Потым выйшаў з яе, ужо са зброяй і паспеў некалькі разоў стрэліць з пісталета ў правадніка. Адзін з пасажыраў Спэнсэр Стоўн, як потым выявілася, амерыканскі вайсковец, кінуўся на нападніка і схапіў яго за шыю. Яму на дапамогу прыйшоў ягоны сябар, жаўнер амерыканскай Нацыянальны гвардыі Элк Скарлатас.

«Спэнсэр падбег да гэтага хлопца і схапіў яго за шыю. Я выхапіў у нападніка пісталет і адкінуў яго. Потым я падабраў аўтамат Калашнікава, што ляжаў ля ягоных ног і пачаў біць мяу пысу», – цытуе Скарлатаса Бі-Бі-Сі.

Акрамя пісталета і аўтамат, у тэрарыста былі з сабой 10 поўных магазінаў да Калашнікава і вялікі нож.

Да амерыканскіх вайскоўцаў далучаўся грамадзянін Вялікай Брытаніі, які раней займаўся рэгбі. Яны павалілі тэрарыста на падлогу, збілі, а потым звязалі гальштукам. Праз 20 хвілінаў нападніка здалі ў рукі паліцыі.

Тэрарыст ужо дае паказанні. Ён спрабуе пераканаць следчых, што хацеў толькі абрабаваць пасажыраў, а аўтамат знайшоў у гарадскім парку ў Бруселі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў