Пакуль інспектар ДАІ афармляў «пʼянае» ДТЗ, падʼехаў яшчэ адзін нецвярозы кіроўца


ДТЗ на менскай кальцавой

Увечары 13 жніўня на менскай кальцавой адбыўся курʼёзны выпадак.

Супрацоўнікі ДАІ Маскоўскага раёну Менску афармлялі «пʼянае» ДТЗ, калі падʼехаў другі нецвярозы кіроўца.

Пра гэта паведаміла старэйшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзелу ДАІ Маскоўскага раёну сталіцы Любоў Трэпашка.

«37-гадовы кіроўца аўта «Mazda» ехаў па вонкавым кальцы МКАД, не справіўся з кіраваннем і вылецеў у кювет, дзе ўрэзаўся ў апору, якая трымае рэкламны шчыт. Затым разам з жонкай ён стаў уцякаць з месца здарэння. Гэта заўважыў відавочца, які выклікаў ДАІ, а сам пабег за парай», – сказала Любоў Трэпашко.

Відавочца быў на сувязі з ДАІ увесь той час, пакуль пераследаваў парушальнікаў.

Як пазней высветлілася, кіроўца быў добра пʼяны, медасведчанне пацвердзіла 1,6 праміле алкаголю ў крыві парушальніка.

У момант афармлення гэтага ДТЗ да працаўніка службы эвакуацыі падʼехаў яшчэ адзін нецвярозы кіроўца на «Mitsubishi» і папрасіў запальнічку, каб закурыць. Паколькі мужчына таксама быў добра пʼяны, машыну ДАІ, якая знаходзілася ў пары метрах, ён, мабыць, проста не заўважыў. Эвакуатаршчык адразу ж паведаміў аб нецвярозым кіроўцы супрацоўнікам ДАІ.

Такім чынам, аформіўшы адно правапарушэнне, інспектары тут жа пачалі разбірацца з другім. У другога кіроўцы медасведчанне паказала 1,42 праміле алкаголю. Любоў Трэпашка адзначыла, што кіроўца «Mitsubishi» у траўні 2016 года ўжо затрымліваўся супрацоўнікамі ДАІ Маскоўскага раёну за кіраванне ў нецвярозым выглядзе. Вадзіцельскага пасведчання ў яго ніколі не было. Гэтым разам мужчына будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, ягонае аўта падлягае канфіскацыі.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў