«Паклалі ўсіх на падлогу. Потым пачалі расстрэльваць» – сведчанні ацалелага падчас нападу ў Парыжы

video

Парыжанін Жэром Бартэлэмі  паспеў разглядзець дваіх нападнікаў з аўтаматамі. Яны былі не старэйшыя за 25 гадоў.

Жэром Бартэлэмі ў момант нападу на канцэртную залю Батаклан (Bataclan) знаходзіўся ў бары. «Мы пачулі выбухі петардаў, так нам падавалася, што гэта былі петарды. Мы азірнуліся і я пабачыў двух маладых людзей, ім было не больш за 25 гадоў, у іх былі аўтаматы Калашнікава. Яны загадалі нам легчы. Мы ўсе ляглі, усе, хто знаходзіўся ў памяшканні. Я апынуўся цалкам пад іншымі людзьмі. Нападнікі стралялі. Час ад часу спыняліся», – распавёў журналістам наведнік канцэрту.

Відавочца паспеў разглядзець тэрарыстаў:

«Той, якога я паспеў заўважыць, быў апрануты ў чорны спартовы касцюм з белымі палоскамі, яму было не больш за 25 гадоў. Ён меў каштанавыя валасы і ён быў вельмі спакойны. Гэта сапраўды здзівіла мяне. У пэўны момант я павярнуўся, каб паглядзець, ці яны страляюць сапраўднымі кулямі і пабачыў, як ён забівае аднаго з тых, хто ляжыць і я зразумеў, што кулі сапраўдныя. Я бачыў яшчэ аднаго нападніка, але той быў далей і я не разглядзеў яго добра».

Падчас нападу на канцэртную залю Батаклан 13 лістапад тэрарысты забілі каля ста асобаў. «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за тэракты ў Францыі.

Амбасада Беларусі ў Францыі паведамляе, што інфармацыі пра пацярпелых беларусаў няма.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары