«Пакінутыя сваёй краінаю». Ірландыя вырашыць, ці легалізаваць спароны


Ірландыя, адна з трох краінаў ЕЗ з найбольш жорсткімі законамі ў галіне перапынення цяжарнасці, рыхтуецца да рэферэндуму ў лібералізацыі спаронаў.

«Спыніце ганьбіць жанчын!» і «Ліцэнзія на забойства» – толькі некаторыя з лозунгаў на плакатах, што вісяць на ліхтарных слупах ува ўсёй Ірландыі. Глыбока каталіцкая краіна падзялілася на тых, хто за, і тых, хто супраць.

Рэферэндум 25 траўня будзе першаю магчымасцю змяніць закон, які прынялі 35 гадоў таму. За гэты час звыш 170 тысячаў ірландскіх жанчынаў (каля 3 тысячаў штогод) зрабілі спароны ў замежных клініках, большасць – у Вялікай Брытаніі.

Перапыненне цяжарнасці ў Ірландыі дазваляецца толькі ў выключных абставінах, напрыклад, пры пагрозе для жыцця маці. І тое не заўсёды. Згвалтаванне, інцэст або смяротныя анамаліі плода не ўлічваюцца.

Актывісты выйшлі падтрымаць легалізацыю спаронаў. Фота Reuters

Аргументы за

У часе кампаніі за легалізацыю спаронаў актывісты засяродзіліся на правах жанчын і медычнай небяспецы, якую стварае канстытуцыйная забарона. Шматлікія ірландкі вырашылі падзяліцца асабістымі гісторыямі.

Адная з іх – 35-гадовая Эмі Кэлаган (Amy Callahan) публічна распавяла пра сваю цяжарнасць. Жанчына даведалася, што ейнае другое дзіця хворае на анэнцэфалію (прыроджаную адсутнасць галаўнога мозгу). Праз рэдкае захворванне дачка, хутчэй за ўсё, памерла б ва ўлонні маці ці пражыло некалькіх хвілінаў.

«Я думала, што змагу ўбачыць сэрцабіцце, але ў яе няма мозгу. І я падумала, што яны павінны зрабіць нешта, бо гэта занадта сувора. Нельга жыць без мозгу. Я думала, што гэта будзе асаблівы выпадак… Але здзівілася, што гэта не так… Мне здавалася, што краіна ад нас адмовілася. Нас не даглядаюць, не спачуваюць у такі цяжкі час», – распавяла Кэлаган у інтэрв’ю Reuters.

Кэлаган упэўненая, што праз змены ў законе жанчыны ў падобнай сітуацыі атрымаюць неабходную дапамогу, калі іхнае дзіця памірае.

Аргументы супраць

Актывісты супраць спаронаў хочуць захаваць 8 папраўку Канстытуцыі, якая дае дзіцяці ды маці роўныя правы.

Сярод зацятых праціўнікаў зменаў сталейшыя і моцна рэлігійныя жыхары Ірландыі. Аднак пасля гучных секс-скандалаў у Касцёле, уплыў рэлігійных лідараў на парламент і грамадства знізіўся.

Актывісты супраць спаронаў упэўненыя, што адбіраць жыццё можа толькі Бог. Фота Reuters

Што будзе, калі прыхільнікі спаронаў перамогуць

Легалізацыю спаронаў актыўна абмяркоўваюць і ў медычным асяродку. Шмат хто выступае за паслабленні для жанчын, якія аказаліся ў бядзе.

«Захоўваючы 8 папраўку, Ірландыя скажа (кажа) аб патрабаванні жанчын паміраць, перш чым яны атрымаюць права на перапыненне цяжарнасці… для згвалтаваных жанчын, ад якіх па-ранейшаму будуць чакаць, што яны даносяць дзіця. ​​І гэта страшны мэсідж для іх», – кажа доктарка-гінеколаг Рона Магоні (Rhona Mahony).

Калі выбарцы падтрымаюць прапанаваныя змены, барацьба пяройдзе ў парламент, дзе ўрад плануе ўвесці законапраект, які дазволіць перарываць цяжарнасць тэрмінам да 12 тыдняў.

Прэмʼер Ірландыі Ліёў Варадкар, доктар паводле адукацыі, ужо абвесціў, што 25 траўня будзе галасаваць за большую дасяжнасць спаронаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў