Пайшоў «да ветру» - укусіла змяя. Ад чаго гінуць працаўнікі калгасаў


Сярод галоўных прычынаў – непадрыхтаванасць і неабучанасць персаналу, дрэнныя ўмовы працы і дысцыпліна. Шмат хто дазваляе сабе прыходзіць на працу нецвярозымі, а кіраўнікі прадпрыемстваў не дбаюць аб правілах бяспекі.

Летась падчас выканання сваіх службовых паўнамоцтваў на гаспадарцы загінулі 8 асобаў, яшчэ 16 атрымалі цяжкія траўмы. Гэтыя лічбы агучылі на семінары па ахове працы, які арганізаваў абкам прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу.

Прыбіральня ў кустах і адсутнасць мыла

Сярод прыкладаў сустракаюцца і вельмі нечаканыя.

  • Працаўнік адной арганізацыі пайшоў справіць патрэбу ў лес, дзе яго ўкусіла змяя. Мужчына трапіў у рэанімацыю.
  • Пры замене счаплення на трактары рабочага ў Брагінскім раёне ўдарыла падстаўкай, якая замяняла проціадкатную прыладу. Ад траўмы галавы 52-гадовы мужчына загінуў.
  • Сёлета на Мазырскай сортавыпрабавальнай станцыі 60-гадовы трактарыст-машыніст парушыў правілы бяспекі: яго за вопратку зачапіў механізм кормараздатчыка, мужчына памёр.
  • У гэтым жа раёне ў мантажным кіраванні 57-гадовы работнік тэхналагічнага абсталявання, адразаючы дрот нажніцамі, пашкодзіў вока.
  • Падобны лёс спасціг 23-гадовага трактарыста сельгаспрадпрыемства «Грабаў» Хойніцкага раёну.
  • У мехмайстэрні «Золак-Агра» Светлагорскага раёну, напампоўваючы колы МАЗа, пацярпеў 60-гадовы слесар.

Галоўны тэхнічны інспектар працы абкама прафсаюзу работнікаў АПК Сцяпан Петрушэнка адзначыў, што ў камбайнераў часта няма сродкаў абароны, некаторыя працуюць у сланцах.

Неўзабаве стартуе ўборачная пара. Кантроль з боку наглядных арганізацыяў абяцаюць узмацніць.

ДР belsat.eu паводле gp.by

Стужка навінаў