Пайшлі на аперацыю, атрымалі гепатыт C


Лекавалі адно, захварэлі на іншае. Неўзабаве пасля аперацыяў у другім клінічным шпіталі Менску адразу чатыры пацыенты пачулі ад дактароў несуцешны дыягназ – гепатыт C.

23-гадовы Раман Капыркін распавядае нам, як трапіў з заявай у Следчы камітэт. Летась у кастрычніку малады чалавек адчуў боль у жываце. У Рамана выявілі апендыцыт і прааперавалі ў сталічным шпіталі нумар два. Праз два месяцы ў маладзёна пачаліся новыя праблемы са здароўем: зжаўцелі вочы, пачала свярбець скура. Дактары ў паліклініцы паставілі яму новы дыягназ, гэтым разам яшчэ больш сурёзны, чымся апендыцыт – гепатыт C.

«Да таго, як сутыкнуцца з гэтай сітуацыяй, я не думаў, што такое можа быць. І многія людзі не ведаюць, што такое можа адбыцца. Я лёг у шпіталь і не ведаў, што могуць быць нейкія наступствы пасля аперацыі. Аперацыя выдалення апендыцыту – дастаткова распаўсюджаная з’ява, а таму ніхто ад гэтага не застрахаваны», – дзеліцца Раман Капыркін, хворы на гепатыт С.

Цяпер хлопец лекуецца прэпаратамі, якія, хоць і каштуюць не танна, дапамаглі яму праз некаторы час наладзіць здароўе. Пры гэтым лекі не фінансуюцца дзяржавай, а таму за лекаванне Раману трэба плаціць самому.

«Натуральна, дзесьці была нейкая памылка. Проста не вядома, на якім гэта было этапе. Ці гэта была памылка хірурга, абсталявання, інструменты, ці медсёстры паставілі капельніцу якую», – разгублена кажа Раман.

Разам з Раманам у падобную сітуацыю трапілі яшчэ тры пацыенты – дзве дзяўчыны і мужчына, якім з рознымі дыягназамі зрабілі аперацыі ў аддзяленні экстранай хірургіі гэтай жа бальніцы ў красавіку 2014 года. А ўжо праз некаторы час усе трое атрымалі ў падарунак гепатыт. Мы запыталіся ў менчукоў, ці давяраюць яны беларускай медыцыне.

«Медыцыне нашай не давяраю, і дактарам нашым не давяраю», – мяркуе маладая дзеўчына. «Калісьці маю сястру заразілі, але гэта было вельмі даўно, калі медыцына была на зусім іншым узроўні», – распавядае міначка.

«Я сама медык, так атрымалася. Так, давяраю, бываюць вельмі розныя выпадкі, калі людзі не кажуць, хаваюць, і ў першую чаргу мы пакутуем. І атрымліваецца, мы не ведаем, і можам нанесці шкоду іншаму», – зазначае жыхарка Менску.

Выпадкі, калі пацыенты атрымлівалі шкоду здароўю пасля лекавання ці нават паміралі праз нядбайнасць айчынных медыкаў, хоць і здараюцца, але не заўсёды атрымліваюць грамадскі рэзананс. Шырокавядомай стала смерць 23-гадовай пацыенткі прыватнай медычнай установы «Экамедсервіс», якая тры гады таму памерла пасля няўдалай пластычнай аперацыі. А на пачатку красавіка сёлета стаў вядомы выпадак, калі ў Маладзечна памерла парадзіха.

«На жаль, яшчэ часцей пацыент або не ведае, што яго няякасна лекавалі, альбо па нейкай прычыне пацыент гэта ведае, але не хоча даводзіць справу да разбіральніцтва і пакарання вінаватых», – тлумачыць юрыст Павел Сапелка.

Летась у Беларусі зафіксавалі больш за дзве тысячы фактаў аказання няякаснай медычнай дапамогі. Юрыст Павел Сапелка раіць ніколі не замоўчваць такіх выпадкаў, а звяртацца з адмысловымі заявамі ў падраздзяленні Міністэрства аховы здароўя, а пры неабходнасці – у Следчы камітэт.

Віталь Бабін, Белсат

Стужка навінаў