«Пайшла вон адсюль!» Журналістка Вольга Чайчыц распавяла пра размову з міліцэйскім кіраўніком


Стрым Вольгі Чайчыц 16 кастрычніка

Журналістка Вольга Чайчыц распавяла пра некалькі гадзінаў, праведзеных у Бараўлянскім аддзеле міліцыі.

З самага пачатку міліцыянтам не спадабалася, што Вольга рабіла відэазапіс у будынку міліцыі. Што было далей, журналістка распавяла Belsat.eu:

«Калі мяне затрымалі, я рабіла відэа, здымала міліцыянтаў. Калі мы зайшлі ў аддзяленне міліцыі, участковы інспектар Бараўлянскага аддзелу міліцыі Дзмітрый Смык стаў прасіць, каб я выключыла камеру. Я стала казаць, што аддзяленне міліцыі – не рэжымны аб’ект, гэта грамадскае месца, я маю права там здымаць. Тады ён пачаў сілай адбіраць у мяне тэлефон, забраў і выдаліў усе відэа, якія я з імі зняла. Потым мяне пакінулі ў калідоры, ніякіх дзеянняў не праводзілі са мной доўгі час. Прынеслі паперы азнаёміць мяне з маймі правамі. Я іх папрасіла размаўляць са мной па-беларуску, на што яны заявілі,што ў нас дзве дзяржаўныя мовы і яны маюць права размаўляць на любой з іх. Потым сышлі. Мяне там ніхто не трымаў, я не мела права пакідаць аддзел, але па ім мела права хадзіць.

Пайшла да кіраўніка міліцыі паскардзіцца, што парушаецца маё права і што супрацоўнікі міліцыі абавязаныя размаўляць са мной на той дзяржаўнай мове, на якой я хачу. На што ён пачаў на мяне проста араць, равець: «Пошла вон отсюда! Будут они еще на языке разговаривать! Что они еще должны – покрасить язык в красный? Я сказал вон отсюда! У меня неприемный день!» Вось так равеў-равеў і проста выгнаў мяне.

Потым зноў я чакала доўгі час у калідоры. Ён падышоў і пачаў казаць, што яны змянілі заканадаўства – таму што раней шмат міліцыянтаў не ўмели размаўляць па-беларуску, змянілі закон, што яны могуць на любой з дзяржаўных моваў. Гэта быў Канстанцін Сяргеевіч Заяц – кіраўнік Бараўлянскага аддзелу міліцыі. Ужо калі скончылся тры гадзіны, яны ўсё ж такі склалі на мяне пратакол за ўчорашні артыкул пра Курапаты, і адпусцілі».

Журналістку Вольгу Чайчыц затрымалі сёння ў Курапатах і павезлі ў аддзел міліцыі – каб скласці пратакол за «здымкі без акрэдытацыі» ва ўрочышчы 14 кастрычніка.

ВІДЭА
Вольгу Чайчыц вызвалілі з РАУС
2018.10.16 11:57

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў