Пагром у Капцёўцы ўчынілі… «бандэраўцы»


Вандалаў з ваколіц Горадні дагэтуль не знайшлі, а сярод насельніцтва віруюць неверагодныя чуткі.

Ад пачатку чэрвеня ў вёсцы Капцёўка, у пары кіламетрах на поўдзень ад Горадні, неспакойна. Спачатку невядомыя ўчынілі пагром на царкоўнай тэрыторыі з 5 на 6 чэрвеня. А на мінулых выходных паўтарылі «праграму» і ў каталіцкім касцёле: паламалі крыж. Пацярпелі таксама мясцовая крама ды будынак сельсавету – пабілі вокны.

У краме «Родны кут», дзе дагэтуль засталося разбітае шкло ў дзвярах, інцыдэнт успрынялі даволі будзёна. Кажуць, рабавалі ўжо не раз, але каб проста так разбіць, нічога не ўзяўшы – упершыню.

Наталля Уладзіміраўна, маці праваслаўнага бацюшкі Анатоля Семілета, які знаходзіўся ў ад’ездзе, праводзіць нас да царквы. Спачатку паказвае паламаны літы крыж ХІХ ст., пастаўлены над магілай колішняга настаяцеля бажніцы. Пасля вядзе да царкоўнага будынку.

– Бачыце, тут падвойнае шкло. Першае браніраванае, другое звычайнае. Дык першае вытрымала ўдар, а другое лопнула… Кінулі, мяркую, пліткай: мы дарожкі нядаўна перакладалі, дык старыя пліткі гурбачкай складзеныя побач.

Цікава, што вандалы не палезлі ў царкву, хоць фрамугі ў некаторых месцах былі адчыненыя. Значыць, ад пачатку ніхто не хацеў нічога красці або збаяўся. Дарэчы, царкоўная брама як з боку дарогі, так і з боку могілак зараз зачыненая на навясны замок – ці мала што.

– Гэта не мясцовыя, не… У нас у АМАПе адзін хлопец служыць, дык ён кажа што гэтыя, з Украіны… як іх… бандэраўцы!
На пытанне пра матывацыю «бандэраўцаў», якія нібыта прыехалі ў Беларусь ламаць крыжы, жанчына ўзгадвае, што нядаўна ў Гомелі ўкраінцы абрабавалі банкамат. А значыць маглі і сюды прыехаць…

Выглядае, што расейскія каналы ўсё ж такі зрабілі ў Беларусі сваю «справу». Зараз міфічныя «бандэраўцы» рызыкуюць апынуцца вінаватымі ва ўсіх бедах нават за межамі Украіны.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары