Пагоня за міліцэйскім картэжам з Амрыевым


8 чэрвеня добрушскія міліцыянты зладзілі фэйкавы вываз чэмпіёна свету па ММА Мурада Амрыева ў Расею.

9 чэрвеня адвакат затрыманага спартоўца паведаміў, што перадача Амрыева адбылася ноччу на мяжы з Расеяй, у вёсцы Харашоўка Гомельскай вобласці.

У прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкаму «Белсату» паведамілі, што да іх Мурада Амрыева не прывозілі.

«Амрыеў яшчэ ўчора быў перададзены Расеі. Да нас яго не прывозілі. З Добрушу яго забралі расейскія сілавікі», – паведамілі ў міліцыі.

У Добрушскім РАУСе ад каментароў адмовіліся.

Некалькі дзён таму Амрыева затрымалі ў Бранскай вобласці і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а пазней перадалі ў Следчы камітэт. Адтуль Амрыеў збег, бо будынак атачылі чачэнскія праваахоўнікі.

8 чэрвеня спартоўца затрымалі на беларуска-украінскай мяжы і прывезлі ў Дорбуш. Пазней улады Беларусі прынялі рашэнне выдаць спартсмена расейскім праваахоўнікам.

У 2013-ым годзе Мурад Амрыеў звярнуўся ў Камітэт па перадухіленню катаванняў. Мурад распавёў праваабаронцам, што яго незаконна затрымалі працаўнікі паліцыі Грознага і катавалі токам, білі ды падвешвалі пад столлю. Паводле спартоўца, такім чынам улады Чачэніі спрабавалі змусіць вярнуцца ў рэспубліку ягонага брата Зураба, які жыве ў Нямеччыне.

9 чэрвеня Мурада Амрыева перадалі кадыраўцам. «Амрыеў перададзены супрацоўнікам паліцыі Чачні», – паведаміў прадстаўнік сілавікоў Цэнтральнай федэральнай акругі Расеі.

«Я чуў, нібыта я арганізаваў нейкі замах, на нейкага начальніка паліцыі (гаворка ідзе пра кіраўніка паліцыі Грознага Магамеда ДашаеваЗаўв. Belsat.eu). Мурада ў гэтым абвінавацілі. Нібыта ён таксама да гэтага датычны. Нейкае трызненне», – распавёў брат Мурада Амрыева Зураб. Падчас другой чачэнскай вайны Зураб Амрыеў ваяваў супраць «федэралаў».

«На радзіме яны проста разарвуць майго сына на кавалкі», – распавяла Belsat.eu маці затрыманага чачэнскага спартоўца.

Мурад Амрыеў уцёк з Расеі ва Украіну ў 2013 годзе. З таго часу спартовец выступаў на спаборніцтвах ММА пад украінскім сцягам.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў