Пагоня разладу. Бакі пойдуць на «міравую»?


У дзіўныя часы жывем. Старажытная Пагоня, якая цягам амаль тысячагоддзя лучыла нашых продкаў, цяперашніх беларусаў можа давесці да суда. Адзін з аўтараў эталону дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь першай паловы 1990-х, Уладзімір Крукоўскі, рыхтуе пазоў на выдавецтва «Кнігазбор» за кнігу Алеся Плоткі «Байсан». На вокладцы «Байсану» змешчаны малюнак «Вершніца», які ўяўляе з сябе перапрацаваную Пагоню з жанчынаю на кані замест рыцара. Крукоўскі перакананы: гэта чыстай вады плагіят!

УЛАДЗІМІР КРУКОЎСКІ, МАСТАК, СУАЎТАР ЭТАЛОНУ ПАГОНІ:

«У мяне ж ніхто дазволу не пытаў! Прыйшоў бы да мяне Плотка ў госці з эскізамі, сказаў бы: «Як вы лічыце, ці можна выкарыстаць ваш з Куліком малюнак для такой вось цікавай задумы?» Гэта зусім іншая справа! Але ж гэта зроблена па-хамску!»

І хоць уласна ідэя Вершніцы мастаку даспадобы, аднак разнастайных варыяцыяў Пагоні, якія бы грыбы пасля дажджу з’явіліся апошнім часам, Крукоўскі не ўхваляе. А таму ў судзе, калі да яго ўсё-ткі дойдзе, акрамя выдавецтва абяцае згадаць і іншыя ініцыятывы, якія ў папулярызацыі беларушчыны, як той казаў, перагнулі палку. У прыватнасці, «Арт-сядзіба», вядомая шматлікімі культурніцкімі акцыямі, сярод якіх былі і выстава працаў Крукоўскага ды ягоныя лекцыі. Штопраўда, актывісты з абвінавачаннямі ў плагіяце не пагаджаюцца. Цвердзяць: крыўдзіць нікога нават у думках не было!

ПАВЕЛ БЕЛАВУС, КІРАЎНІК «АРТ-СЯДЗІБЫ»:

«Гэта наш агульны сімвал, які належыць нам. І калі яму прыпісваць аўтарства, то гэта азначае, што няма памкнення, каб ён зноўку стаў дзяржаўным. А ў нас гэтае імкненне ёсць. І ўсёю нашаю дзейнасцю мы імкнемся, каб ён гэткім і заставаўся – нават калі і не на паперы, дык хаця б у сэрцы кожнага беларуса».

Дарэчы, аніякіх фінансавых кампенсацыяў Уладзімір Крукоўскі прасіць не збіраецца. Галоўнае, цвердзіць, – звярнуць увагу на праблему знявагі сімвалу ды аўтарскіх правоў. Дык можа ўсё-ткі ёсць шанец залагодзіць канфлікт, не даводзячы яго да суда?

УЛАДЗІМІР КРУКОЎСКІ, МАСТАК, СУАЎТАР ЭТАЛОНУ ПАГОНІ:

«Ну, палагодзіць можна, канечне, гэтую справу. Але палагодзіць – я не бачу іншых варыянтаў, акрамя як «всенородно покаяться», як той казаў. Пакаяцца ўсенародна! Прызнаць сябе – ну, не будзем ужываць такі тэрмін, як «злодзей», – прызнаць сябе хаця б парушальнікамі Закону аб аўтарскім праве. І ўсё, тады можам спакойна закрыць гэтую тэму».

ПАВЕЛ БЕЛАВУС, КІРАЎНІК «АРТ-СЯДЗІБЫ»:

«Дзякуючы «Белсату», дзякуючы таму, што вы прыйшлі, я хачу папрасіць ува Уладзіміра Крукоўскага прабачэння. І калі мы яго чымсьці пакрыўдзілі – гэтага мы не хацелі рабіць. Нашыя дзеянні ды мэты дакладныя: мы папулярызуем беларускую мову, беларускую культуру, беларускія сімвалы – у тым ліку ў сучасных формах, якія папулярныя сярод моладзі».

Дый сапраўды ж: што ж мы, беларусы, аніяк без суда не дамовімся? І пагатоў суда дзяржавы, якая ў свой час ад Пагоні і наагул адцуралася.

Валера Руселік, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў