Паганскія ідалы, агнявая брама і абрад няпоўнай крэмацыі. Вітаем на землях радзімічаў!


Некаторыя даследчыкі лічаць Радамлю сталіцай радзімічаў, якая бачыла самога заснавальніка племені – Радзіма. Менавіта тут ладзяць тэматычны фэст «У госці да радзімічаў», які набліжае ўдзельнікаў і гасцей да старадаўніх часоў.

Першыя паселішчы людзей у гэтых маляўнічых, нават сакральных месцах былі ўжо ў ІІ стагоддзі да нашай эры. Драўляны Радамальскі замак заклалі ў XII стагоддзі на старажытным гарадзішчы для абароны ад ворагаў. На тэрыторыі замку быў сакральны калодзеж ды капішча.

Мужчына ў стылізаваным радзіміцкім касцюме трэніруе хлопчыка біцца на дзідах

У часы войнаў паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам Радамльскі замак з’яўляўся адным з усходніх фарпостаў ВКЛ і адчуў на сабе ўсю гарачыню войнаў. Палова скарбніцы ды сялянскіх прыпасаў гораду Радамля ішла на абслугоўванне замку, які нават меў сваю артылерыю, але праз рэгулярныя падпалы кожны раз дабудоўваўся.

Хлопцы у стылізаваных касцюмах радзімічаў

Большасць навукоўцаў лічаць, што замак быў канчаткова знішчаны падчас вайны ВКЛ з Маскоўскім княствам 1654-1667 гадоў, ці Крывавага патопу: пасля вайны ён ужо нідзе не згадваецца.

Карэнная радамальская дзяўчына адпачывае каля адноўленых радзіміцкіх зямлянак са сваім хлопцам

Нягледзячы на практычна цалкам знішчаную архітэктурную спадчыну каардынатарка мясцовай ініцыятывы «Радамля – старажытны горад Радзімічаў» Алеся Далецкая працягвае пры дапамозе ПРААН ды Еўразвязу паступова аднаўляць сакральныя помнікі радзіміцкай культуры ў Радамлі і робіць гэта даволі паспяхова.

Хлопчык спіць на лаўцы у адноўленай радзіміцкай зямлянцы X стагоддзя

У музеі пад адкрытым небам каля замкавага валу спачатку пабудавалі стылізаваныя радзіміцкія зямлянкі X стагоддзя. Сёлета ў межах конкурсу разьбяроў «Славянскія ідалы» было ўсталявана Пярунова капішча з пантэонам ідалаў славянскіх багоў, якіх, на думку арганізатараў ініцыятывы, у старажытнасці ўшаноўвалі радзімічы, а таксама агнявая брама для традыцыйнай здабычы «жывога агню». Не забыліся збудаваць і стацыянарную гліняную печ для абпалу керамічных вырабаў, падобную на тыя, якімі некалі карысталіся радзімічы.

Дзяўчыны ў стылізаваных жаночых радзіміцкіх касцюмах разглядаюць ільняную ніць побач з “чараўніком” радзімічаў

Усё гэта ажыла на штогоднім этнафэсце, дзякуючы інсцэніроўцы штодзённага жыцця і абрадавай культуры радзімічаў.

Удзельнікі інсцэніроўкі абраду няпоўнай крэмацыі памерлага граюць сцэну, калі маці з развітваецца з дачкой, загінулай ад рук ворагаў

Сёлета арганізатары фестывалю акрамя сцэнаў побытавага жыцця радзімічаў вырашылі паказаць гасцям абрад няпоўнай крэмацыі памерлага, а таксама ўшанавання багоў на капішчы. Мужчыны падчас абраду здабывалі «жывы агонь» перацягваючы вяроўку ў агнявой браме.

Традыцыйная агнявая брама

 

Удзельнікі інсцэніроўкі абраду няпоўнай крэмацыі нясуць “цела сваячкі” на вогнішча

Удзельнікі па чарзе кідаюць зямлю ў рытуальнае вогнішча, на якім гарыць “цела” памерлай “сваячкі”

Рытуальны агонь перадавалі па чарзе галоўнаму павадыру роду, які пасля галашэння «маці» над «загінулай» ад рук ворагаў «дачкой» звярнуўся да багоў, а потым падпаліў вогнішча. «Цела памерлай» прысыпалі зямлёй усе дарослыя «чальцы роду».

Чараўнік адпраўляе попел ад цела памерлай на той свет

Тэатралізаваную праграму фэсту дапоўнілі выступы клубу гістарычнай рэканструкцыі «Хірд Ваўкі», разнастайныя майстар-класы, выступы этна-гуртоў з танцамі ды гульнямі, а таксама дэгустацыя страваў традыцыйнай мясцовай кухні і рамесны кірмаш.

Удзельнікі інсцэнізацыі моляцца на адноўленым капішчы
Ідалы – Сварог, Дажбог, Пярун, Велес ды Мокаш
Ушанавання багоў, жанчыны з дарамі
“Пакланенне” паганскім багам
“Чараўнік” звяртаецца да багоў
Маладая дзяўчына з суседніх Чавусаў ў тыповых сяміпрамянёвых упрыгожваннях радзіміцкіх жанчын на этнафэсце “У госці да Радзімічаў”
Жанчыны гатуюць гарбузовую кашу ды кулеш на вогнішчы

 

Наведнікаў музею пад адкрытым небам у Радамлі ўражвае непаўторнае па сваёй прыгажосці ды энергетыцы месца, дзе на маляўнічых узвышшах пад нябёсамі існавала старажытнае радзіміцкае гарадзішча, а пазней горад з драўляным замкам, узмоцненым вежамі, з капішчам ды паселішчам на пасадзе, апяразанымі ракой Радучай.

Удельнікі клубу “Хірд Ваўкі” у ролі вікінгаў нападаюць на паселішча
Падчас выкапвання зямлянак ля валу былога Радамльскага замку археолагі знайшлі некропаль старажытных радавых пахаванняў
Дзяўчыны з суседніх Чавусаў у стылізаваных радзіміцкіх строях

Цяпер краявіды ізноў арганічна ўпрыгожвае ўпершыню цалкам адноўленае ў Беларусі капішча славянскіх багоў, агнявая брама, зямлянкі радзіміцкага паселішча, таму наведаць і адчуць атмасфэру жыцця прашчураў сучаснай беларускай дзяржаўнасці варта для кожнага сапраўднага беларуса.

Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Стужка навінаў