Паэту Анатолю Вярцінскаму споўнілася 85

video

Анатоль Вярцінскі ў вобразе бога Жыценя. Фота: budzma.org

Паэт нарадзіўся 18 лістапада 1931 года ў вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёну Віцебскай вобласці ў сялянскай сямʼі. У вёсцы Камень на Лепельшчыне скончыў сярэднюю школу, а ў 1956 годзе – аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту ў Менску. Працаваў у раённых газетах. У 1962 пераехаў у Менск. Працаваў галоўным рэдактарам выдання «Літаратура і мастацтва», быў кіраўніком выдавецтва «Беларусь».

У 1988 годзе за кнігу «Нью-йорская сірэна» атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. У 1990–1995 гадах – дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснік старшыні Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека.

Абрастаем. Паперамі, рэчамі

Абрастаем.
Паперамі, рэчамі,
абавязкамі,
звычкамі,
стрэчамі.
Абрастаем болямі, охамі.
Як валун абрастае мохам,
абрастаем мохам абставін.
Абрастаем даўгамі, хвастамі.
Абрастаем, як бераг кустамі.
«Дзе чужое, дзе наша? —
пытаем. —
Дзе расцём, а дзе абрастаем?» —
Мы пытаем.
Гэта няпроста
абрастанне адрозніць ад роста.
На душы маёй —
шчэць густая.
Адчуваю:
ідзе абрастанне.
Адчуваю: ідзе абрастанне.
Ды спыніць яго я не ў стане.
А быць можа,
спыніць я ў стане?
Можа, ўзяць
ды узняць паўстанне?
Можа, ўсёю першаасноваю
абудзіцца па-вясноваму?
Жыць пачаць са старонкі новай –
яшчэ чыстай,
яшчэ вясновай?
Толькі як жа мы паўстанем,
калі кожны міг абрастаем,
расстаёмся з самімі сабою —
нехта з боем,
а нехта без бою…

Анатоль Вярцінскі чытае свае вершы

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары