Паэт уцёк з аўтазаку. «Хоць паўмёртвы пайду. І дачушкам скажу, каб хадзілі»


Ян Грыб, 80-гадовы беларускі паэт разам з дачкой пайшоў на акцыю 25 сакавіка ў Менску. А замест шэсця і свята пабачыў жорсткі разгон мірных грамадзянаў.

Не вытрываўшы відовішча беспадстаўнага гвалту над беларусамі, Ян Грыб звярнуўся да афіцэра, што стаяў побач. У адказ апынуўся ў аўтазаку побач з іншымі затрыманымі. Калі іх пачалі пераводзіць з аўтазака, паэт скарыстаўся момантам замяшання і шчасліва ўцёк.

Ян Грыб распавядае belsat.eu пра момант свайго затрымання : 

«Знайшоўся малады жвавы хлопец, які рвануў у адкрытыя дзверы, уключыў усю сваю хуткасць і за ім кінуліся амапаўцы наўздагон. І між амапаўцаў утварылася такая дзірка вялікая і мітусня. А я ж паляўнічы, я хітры. Я ў гэтую дзірку ціхенька праціснуўся… адышоўся трохі і думаю, каб за мною не пагналіся, я буду моцна кульгаць. І стаў моцна-моцна кульгаць, а сам аглядаюся – не, не пабеглі», – распавядае Ян Грыб.

Дачку паэта мінула забава пакатацца ў аўтазаку.

Дзеці паэта з маленства ходзяць разам з ім на вулічныя акцыі і носяць бел-чырвона-белыя сцягі. Аднойчы дзяўчынкі нават выратавалі яго ад гвалту. На адной з акцыяў у 90-я гады міліцыянт збіраўся ўдарыць паэта дубінкай па галаве.

Ян Грыб пра свой вопыт удзелу ў вулічных акцыях :

«У маёй Танюшкі была сетка з малаком, і яна гэтай сеткай міліцыянта па шлеме агрэла і кажа: Гэта мой татка! Што ты робіш! І ён сцяўся, бо гэта ж дзеці, а ён мусіць усё ж чалавек, нягледзячы на шлем і нашыўкі».

Не палохаюць паэта ні міліцыянты ў масках і са шчытамі, ні перспектыва быць закінутым у аўтазак. Нягледзячы на ўзрост і на перанесены інфаркт, ён абяцае зноў выходзіць на акцыі.

«Я хоць паўмёртвы, але пайду. Мяне не запалохаць, хіба што забіць. Я пайду на любыя нашыя акцыі, і дачушкам скажу, каб хадзілі».

Ян Грыб нарадзіўся ў 1936 годзе, друкаваўся ў перыёдыцы, выдаў зборнік вершаў «На сваёй зямлі». Паляўнічы, паэт і адраджэнец, ён таксама ладзіць фэсты беларускай культуры.

ВЧ, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары