«Падымі сваю дупу і паглядзі на гэта»: сацыяльны апакаліпсіс на асобна ўзятай гарадзенскай вуліцы


Сацыяльны апакаліпсіс на асобна ўзятай гарадзенскай вуліцы.

У той час, як цэнтр гораду даводзяць да бляску, напярэдадні міжнароднай выставы «Еўрарэгіён «Нёман», якая мае адбыцца ў верасні з удзелам кіраўнікоў урадаў Расеі і Беларусі, аддаленыя ад цэнтру вуліцы не могуць дачакацца ад гарадскіх уладаў элементарных рэчаў.

Вуліца Збажовая – гэта каля дзесяці прыватных дамкоў, расцягнутых уздоўж Нёмну. Назва пайшла ад порту, у якім некалі выгружалі збожжа і не мянялася нават за савецкім часам. Крыху вышэй, на ўзгорку – вялікае прадпрыемства «Карданныя валы», адно з асноўных у горадзе.

Ідучы па Збажовай ты нават да канца не ўсведамляеш, што гэта вуліца: дарога грунтовая, размытая ў розных месцах, ліхтароў няма, сметніца адна на ўсю вуліцу, трава і кусты ў чалавечы рост…

«Да нас нават таксісты баяцца ездзіць, – распавядае Іван, мясцовы жыхар, – бо ўначы цёмна, аніводнага ліхтара. Скардзіліся, неаднаразова, і подпісы збіралі ў жыхароў – нуль рэакцыі».

Дарогу, што пад нахілам, дажджамі перыядычна змывае ў Нёман. Гарадскія службы «латаюць» дзіркі …рачным пяском, які вымываецца наступным дажджом і ўтварае на Нёмне характэрныя «языкі», як кажуць мясцовыя.

На беразе Нёмну – гурбы смецця ды пакрытыя павуціннем водарасцяў камяні (вада ў гэтым годзе моцна апусцілася). 

Бліжэй чыгуначнага мосту на самым беразе – зарослы адстойнік, імаверна, для зліваў ад «Карданных валоў» ды закінуты ангар для катэра. Комплекс пры ангары цалкам знішчаны: драўляныя будынкі спаленыя, а пясок з-пад бетонных дарожак ды спускавых рэек змыла ў Нёман. Вышэй – закінутая хакейная каробка, якая таксама некалі была на балансе «Карданаў». Зараз прастора функцыянуе як стаянка для тэхнікі ды склад для металалому. Ідзем далей – электрычныя драты кінутыя наўпрост па дрэвах, нібы ў ваенны час. Слупоў, мабыць, на ўсю даўжыню не хапіла. Цікава, колькі разоў тут парушаныя нормы бяспекі?

«Усе гэтыя парасткі ды кустоўе мы б самыя пачысцілі, – працягвае Іван, – сабраліся б жыхарамі. Але ж калі гэта рабіць без санкцыі ўладаў – лёгка атрымаць штраф. А ўлады ж не добраўпарадкоўваюць. Замкнёнае кола атрымліваецца…».

Агулам вуліца Збажовая выглядае на канцэнтраваны сацыяльны апакаліпсіс, дзе можна знайсці ўсе віды парушэнняў, якія трапляюцца ў рысе гораду. Згадваюць пра жыхароў Збажовай гарадскія ўлады, як прызнаюцца самі мясцовыя, хіба перад выбарамі – запрашэнні на ўчасткі заўжды прыходзяць рэгулярна.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары