«Падушыць вас Пуціным? – Ой не, ну што вы!»


У новы год нашыя суседзі ўвайшлі з новым пахам свайго прэзідэнта. Прэзентацыя прысвечанай Пуціну туалетнай вады, назва якой перакладаецца не інакш як «Нумар адзін сярод лідараў», адбылася ў маскоўскім ГУМе дакладна на каталіцкія Каляды. На ўпакоўцы лімітаванай калекцыі парфумы – пазнавальны профіль і надпіс «Натхнёнае Уладзімірам Пуціным».

«Хочаце, мы падушым Вас Пуціным?», – пытае мужчыну прадавачка. «Давайце. Галоўнае – не задушыць Пуціным!», – адказвае наведвальнік гандлёвага цэнтру.

Што цікава, новы пах сучаснай Расеі, а дакладней, яе кіраўніка, прыдумаў наш суайчыннік, Уладзіслаў Рыкуноў. Пуцін, на думку беларускага парфумера, мусіць пахнуць не якім-небудзь Крымам або, скажам, «Іскандэрамі» ці хаця б нафтаю і газам, а чорнымі парэчкамі, лімонам і кедравымі шышкамі.

«Тая кампазіцыя, якую мы стварылі – яна зробленая гэткая цёплая, акруглая. І я б назваў яе тым, што аб’ядноўвае. То бок гэты пах не адштурхоўвае, а наадварот вабіць, натуральны, натуралістычны», – тлумачыць Уладзіслаў Рыкуноў, стваральнік парфумы.

Пакуль парфумер спадзяецца падарыць адзін флакон непасрэдна Пуціну, на бутэлечку з пахам расейскага прэзідэнта замовы прыйшлі і з Нямеччыны, і з Кітаю. А вось з суайчыннікамі не ўсё проста. Ад прапановы надушыцца Пуціным некаторыя літаральна збягалі – як чорт ад ладану. Ці наадварот.

«Хочаце надушыцца Пуціным? – Давайце!»

«Ой не, дзякуй!»

«Ну навошта так?»

«Падушыць вас Пуціным? – Ой не, ну што вы!»

«Дзякуй, нават бясплатна не трэба!»

Зрэшты, бясплатна – толькі ў часе прэзентацыі. 100 мілілітраў Пуціна каштуюць 95 долараў ЗША, паводле цяперашняга курсу расейскага рубля. Праўда, калі эканоміка нашых усходніх суседзяў працягне падзенне, Пуцін можа стаць куды больш даступны.

«Шчыра кажу, вельмі танны адэкалон», – мяркуе мінак.

Між тым мода на Пуціна ў сённяшняй Расеі літаральна зашкальвае. Пра яго пішуць песні, малююць яго на абразах або носяць з ім кашулькі. Агітуюць за культ цяперашняга кіраўніка краіны нават правадыры з мінуўшчыны.

«Які водар, таварышы! Усім рэкамендую!», – кажа мужчына ў вобразе Сталіна.

Валер Руселік, Белсат

Стужка навінаў