Падсудныя антыфашысты не прызнаюцца ў катаваннях?


Многія паказанні абвіначаных пачынаюцца словамі «я мяркую», «у мяне склалася ўражанне». 6 лютага працягнулася судовае паседжанне па справе шасці футбольных фанатаў.

Сёння дапыталі Дзмітрыя Цехановіча і Філіпа Іванова, якія ў адрозненні ад астатніх падсудных, знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Пытанні пракурора тычыліся сяброўства ў незарэгістраваных аб’яднаннях і іхнага непасрэднага ўдзелу ў бойцы 29 чэрвеня 2014 году.

Дзмітрый Цехановіч патлумачыў, што ходзіць на матчы і заўзее за каманду «Партызан» з 2013 году. Пра групу «Першакроў» ён ведае з інтэрнэту: гэта аб’яднанне для фанатаў дадзенага клубу. Таксама Дзмітрый наведваў заняткі па тайскім боксе. Ягоным трэнерам быў іншы абвінавачаны Ілля Валавік.

Пра сустрэчу 29 чэрвеня ён даведаўся праз чат у сацыяльнай сетцы «Вконтакте».

– Вы збіраліся збіваць фанатаў «Тарпеда»? – запытаўся пракурор.

– Так.

– Па якой прычыне?

– Фанаты ўсіх клубаў варагуюць і канкуруюць паміж сабой.

Хлопцы сустрэліся ў раёне парка Чалюскінцаў. Там убачылі групу фанатаў «Тарпеда», аднак тыя разбегліся. Тады фанаты «Партызана» селі па машынах ды сталі шукаць «канкуруючы клуб».

Дзяржаўны абвінаваўца часта запытваўся, ці былі іх дзеянні стыхійнымі альбо быў каардынатар.

Дзмітрый Цехановіч сведчыў, што быў у адной машыне з Іллём Валавіком. Яму, паводле Цехановіча, званілі і паведамілі, што група фанатаў «Тарпеда» села ў тралейбус.

Каля прыпынку «Універсам» тралейбус яшчэ не паспеў адчыніць дзверы для пасажыраў. Падсудны Арцём Краўчанка пацягнуў за токапрыёмнікі – транспарт спыніўся. Вадзім Бойка разбіў шкло ў дзвярах кулаком. Дзмітрый Цехановіч распыліў слезацечны газ.

Ужо адказваючы на пытанні адвакатаў, Цехановіч прызнаўся, што факт распылення газу быў нечаканы для яго. Калі ён вярнуўся ў аўта, Ілля Валавік «у якасці суцяшэння» сказаў, што таксама пырснуў газам.

«У мяне склалася ўражанне, што гэта арганізаваў Валавік, таму што ён заўжды займаўся арганізацыйнымі пытаннямі», – сведчыў Дзмітрый.

У ягоных паказаннях, дадзеных пад час папярэдняга следства, пракурор працытаваў шмат няпэўных выразаў: «я мяркую».

Адвакатка Валавіка Ганна Бахціна задала пытанне: «Чаму вы сталі меркаваць? У чым была неабходнасць выказваць меркаванне? Сказалі б, што вы не ведаеце».

На гэта Цехановіч нічога ўцямнага не адказаў.

Такіх жа паказанняў, заснаваных не на ўбачаным уласнаручна альбо тым, у чым удзельнічаў абвінавачаны непасрэдна, багата было і ў Філіпа Іванова. У асноўным яны тычыліся ролі Іллі Валавіка ў інцыдэнце ў тралейбусе і фанацкіх антыфашыстоўскіх групоўках.

Сам Філіп таксама займаўся тайскім боксам. Раней удзельнічаў у спарынгах паміж футбольнымі фанатамі. З 2010 па 2014 год ён вучыўся ў Віцебску. На сустрэчу 29 чэрвеня яго запрасіў знаёмы Дзмітрый Янушка. Апошні праходзіць сведкам, аднак цяпер знаходзіцца за мяжой.

Чаму падсудныя, маючы законнае права не сведчыць пра тое, што не бачылі на свае вочы, усё ж выказваюць «меркаванні»?

«Я спадзяюся, што іншыя абвінавачаныя будуць казаць пра тое, аб чым прамаўчалі сёння. Да нас звярталіся затрыманыя па гэтай справе, у тым ліку тыя, хто сёння на даве падсудных, і скардзіліся, што да іх ужываліся катаванні», – пракаментавала праваабаронца Наста Лойка.

Нагадаем, шасцёра прыхільнікаў клуба «Партызан» Ілля Валавік, Вадзім Бойка, Дзмітрый Цехановіч, Філіп Іваноў, Арцём Краўчанка, Андрэй Чартовіч абвінавачваюцца ў хуліганстве, здзейсненым чэрвеня 2014 году. Акрамя гэтага Андрэя Чартовіча і Арцёма Краўчанку будуць судзіць за захаванне наркотыкаў, а Іллю Валавіка паводле 193 артыкула КК РБ за быццам бы кіраўніцтва незарэгістраванымі групоўкамі фанатаў.

ХМ belsat.eu

Стужка навінаў