Падпіскі на Лэдзі Гагу і «Белсат»: чым беларускія міністэрствы займаюцца ў сацсетках?


Мы прааналізавалі, якія міністэрствы з’яўляюцца найбольш прасунутымі карыстальнікамі сацыяльных сетак ды склалі рэйтынг найбольш актыўных з іх.

Якія сацыяльныя сеткі найбольш папулярныя?

Пераважная частка міністэрстваў вядзе акаўнт ці суполку прынамсі ў адной сацыяльнай сетцы, а ў некаторых нават даходзіць да шасці сацыяльных сетак. Бадай найбольш папулярнымі зʼяўляюцца Facebook, «УКантакце» і Twitter. Некаторыя таксама вядуць Аднакласнікі (ОК), Youtube, Instagram, ды нават google +, Telegram і Periscope.

Адзін з прыкладаў твітаў Менскай міліцыі, якія здзіўляюць

Але менавіта Twitter бʼе ўсе рэкорды па колькасці падпісчыкаў. Ніводзін акаўнт у іншых сацыяльных сетках не дасягае нават двух дзесяткаў тысячаў падпісчыкаў, у той час, як напрыклад Twitter-акаўнт Міністэрства надзвычайных спраў перавышае 98 тысяч падпісчыкаў. Некаторыя з акаўнтаў маюць пазнаку аб верыфікацыі.

Некаторыя міністэрствы ці дзяржаўныя структуры маюць акрамя асноўнага акаўнту таксама і рэгіянальныя. Так, напрыклад, МНС Менск мае каля 48 тысяч падпісчыкаў, а ГУУС Мінгарвыканкаму ў Twitter налічвае 110 тысячаў.

«Зоркі» сярод міністэрстваў

Фота з акаўнту Міністэрства абароны на Instagram

Калі падлічыць усю ўласную аўдыторыю міністэрстваў у розных сацыяльных сетках, можна пэўна казаць, што з вялікім адрывам лідаруе Міністэрства надзвычайных справаў. За ім ідуць Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства абароны і Міністэрства замежных справаў.

 

1. Міністэрства надзвычайных спраў – 111 тыс.
2. Міністэрства абароны – 23,5 тыс.
3. Міністэрства ўнутраных спраў – 23 тыс.
4. Міністэрства замежных спраў – 14 тыс.

Калі разглядаць сацыяльныя сеткі паасобку, ва «ЎК» і Twitter лідаруе МНС з суполкаю ў 6 576 асобаў і акаўнтам у 98,5 тыс. падпісчыкаў адпаведна. У Facebook найбуйнейшую суполку мае Міністэрства замежных справаў, а найбольш папулярны сярод міністэрстваў Instagram вядзе Міністэрства абароны, у якога 3 718 фаловераў.

Чым «жыве» стужка?

МНС прадукуе досыць разнастайны кантэнт: дзеліцца навінамі, актуальнай інфармацыяй, карыснымі фактамі, актыўна робіць рэпосты. Варта адзначыць, што пасты ў розных сацсетках амаль не дублююцца, то бок вядуцца для розных аўдыторый і з рознай рэгулярнасцю. Instagram МНС гэтаксама досыць разнастайны. Тут ёсць відовішчныя здымкі актыўнасці стыхіяў, «цёплыя» кадры выратавання жывёлінаў, спаборніцтвы ды шмат чаго іншага.

Уладзімір Макей – зорка Instagram. Праўда, толькі на сваім акаўнце

Не проста зразумець, чым прываблівае карыстальнікаў Instagram МЗС. Акаўнт вельмі падобны на асабісты альбом Уладзіміра Макея, дзе ў асноўным публікуюцца яго здымкі з афіцыйных сустрэч. Суполка ў Facebook мае іншы кантэнт, але не менш прадказальны: асноўную частку стужкі займаюць рэпосты з суполак беларускіх амбасадаў. У гэтым кантэксце Twitter МЗС, які рэгулярна дзеліцца навінамі пра сваю дзейнасць ды выглядае менш фармальна і значна выйграе.

SMM-шчыкі МУС, у адрозненні ад МНС, нават не спрабуюць дадаць у стужку хоць трошкі пазітыву. Усе тут досыць змрочна, сумна, фармальна, а стратэгіі, як і кантэнт, у розных сацсетках мала чым адрозніваецца. Гэтаксама часта дублюе пасты ў розных сацсетках Мінабароны. Выключэннем зʼяўляецца Instagram, з хоць і наскрозь брутальнымі і ваяўнічымі, але якаснымі і відовішчнымі здымкамі.

А вось КДБ хоць і мае свой акаўнт у Twitter, створаны яшчэ ў 2011, але як не дзіўна, чэкісты там дагэтуль нічога не апублікавалі.

Каго чытаюць у міністэрствах?

Многія міністэрствы ды іншыя дзяржустановы даволі актыўна падпісваюцца на акаўнты незалежных СМІ і апазіцыйных арганізацыяў. Так, Twitter-акаўнт МУС падпісаны на праваабарончы цэнтр Вясна, «Еўрарадыё», «Беларускі партызан», «Naviny.by», партыю БНФ, «Хартыюʼ97» ды іншых. Следчы камітэт, акрамя іншых, падпісаны на «Радыё Свабода», «Белсат», «Нашу Ніву».

Праз свой Twitter-акаўнт Міністэрства абароны сочыць за кампаніямі «Права выбару», «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Не менш цікава выглядаюць падпіскі Мінабароны на акаўнты Паўла Волі, Астахава, Навальнага, Лэдзі Гагі, Валерыі і Мядзведзева.

Віта Морэ, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары