Падпіска аб нявыездзе ўзамен на паказанні супраць сябра. Працягваецца суд над футбольнымі фанатамі


13 лютага ў Доме правасуддзя аднавіўся працэс шасці прыхільнікаў клубу «Партызан».

Падсудны Вадзім Бойка ў адказах на пытанні пракурора расказаў, што з’яўляўся сябрам «New School Band», аднак гэта не грамадскае аб’яднанне, а «гурток па інтарэсах».

«УКантакце» існуе мільён груп. «New School Band» – гэта як гурток па вышыўцы», – параўнаў ён.

Паводле ягоных словаў, яны камунікавалі, сябравалі, хадзілі ў лазню, бар, піцэрыю. Аднойчы нават наведалі дзіцячы дом.

«Што неабходна, каб быць сябрам «New School Band»?», – спытаўся пракурор.

«Быць харошым пацаном», – адказаў Вадзім Бойка.

Як і ў іншых абвінавачаных, пракурор асобна пытаўся пра погляды групы і ў прыватнасці антыфашызм.

«Усіх прысутных у залі можна назваць антыфашыстамі», – сказаў Вадзім. Ён сведчыў, што пэўнай ідэалагічнай афарбоўкі, агульнай для ўсіх, у іх не было.

У 2014 годзе ён шмат працаваў у Расеі, таму бачыўся з сябрамі рэдка: раз або два на месяц. 29 чэрвеня ён атрымаў запрашэнне: «Паехалі, пагаворым з «Тарпеда». Паводле ягоных словаў, мэты ўжываць да іх гвалт не было.

«Усе білі рукамі па тралейбусе. Я далонню ўдарыў па шклу – яно пасыпалася. Я не думаў, што ад аднаго ўдару яно можа разбіцца», – казаў падсудны.

Што да пальчаткі, якая быццам бы ў той момант была на ў яго на руцэ, ён сам не памятае. «Паводле версіі ГУБАЗа яна была. Паверым ім», – сказаў ён.

Сам ён не займаўся спортам прафесійна, аднак удзельнічаў у зборах: сябры збіраліся, мелі абарону (кіпы, пальчаткі) ды біліся ў парах. Усё гэта, паводле ягоных словаў, адбывалася добраахвотна, грошы ніхто нікому не плаціў.

«Гэта ў прынцыпе нармальна для маладога чалавека», – падсумаваў Вадзім.

«Гэта ненармальна», – уставіў суддзя.

Адказваючы на пытанні абароны, Вадзім прызнаўся, што ў Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю на яго аказваўся ціск. Яму прапаноўвалі даць паказанні на іншага абвінавачанага Іллю Валавіка ды выйсці на волю пад падпіску аб нявыездзе. У выпадку адмовы, як сведчыў Бойка, ён трапіў бы ў так званую «прэс-хату», а ягоную маму звольнілі б з працы.

Паводле Вадзіма, следчым было вядома пра ягоны сямейны стан: бацька – інвалід. Таксама ён расказаў, што супрацоўнікі ГУБАЗа ўрываліся на ягоныя сустрэчы з адвакатам.

«Ігар Паўлавіч Луневіч правакаваў мяне «Удар мяне! Вы ж шкло рукамі разбіваеце», – распавёў Вадзім Бойка.

Падсудны Арцём Краўчанка выказаў жаданне даваць паказанні пасля допыту сведак. Андрэй Чартовіч пагадзіўся даваць паказанні толькі па абвінавачанні ў захаванні наркотыкаў.

Паводле ягоных словаў, раней ён неаднаразова ўжываў гашыш, які купляў праз інтэрнэт. Ён нідзе не працаваў, жыў з маці і сястрой. Пад час вобшуку ў хаце ў яго канфіскавалі нож, якім ён дзяліў наркотыкі на часткі, вагі ды гашыш. Усё гэта, паводле ягоных словаў, ён выдаў добраахвотна. Таксама ў яго знайшлі мікрадозу марыхуаны.

«Так бывае, калі чалавек ужывае наркотыкі: нейкая частка завалялася», – пракаментаваў Чартовіч.

Пра падзеі 29 чэрвеня паміж фанатамі «Тарпеда» і «Партызына» ён ведае толькі з матэрыялаў крымінальнай справы.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў