Падпалкоўнік арміі ЗША: Беларускую музыку я пачуў 5 год таму, і мне спадабалася!


Кіраўнік амерыканскага вайсковага аркестру Майкл Мэнч у размове з Belsat.eu дзеліцца сваймі ўражаннямі пасля паездкі ў Беларусь.

9 траўня ў Менску адбыўся вялікі вайсковы парад. Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі ўдзел у ім прынялі амерыканскія вайскоўцы. Асобным «нумарам» выступіў спецыяльна запрошаны аркестр Вайскова-паветраных сілаў ЗША. Belsat.eu пагаварыў з яго кіраўніком Майклам Мэнчам.

«Белсат»: Чыёй ідэяй было зладзіць выступ вашага аркестру ў Беларусі? І не бянтэжыла вас, што прыйдзецца граць у краіне, якую часам называюць «апошняй дыктатурай Еўропы»?

Майкл Мэнч: Аркестр Вайскова-паветраных сілаў ЗША ў Еўропе прыняў удзел у мемарыяльных імпрэзах, прысвечаных Другой сусветнай вайне, на запрашэнне ўраду Беларусі і амбасады ЗША ў Менску. Наш аркестр пабываў у Беларусі, і ў кожным месцы, дзе мы былі, нас цёпла сустракалі. Мы ацанілі гасціннасць і гэтую магчымасць разам з саюзнікамі адзначыць гадавіну заканчэння ваенных дзеянняў.

«Белсат»: Ці паехалі б у Расею, калі б туды запрасілі?

Майкл Мэнч: Калі б Расея захацела нас запрасіць – арганізацыя б пачалася з перамоваў з Дзяржаўным дэпартаментам ЗША. Калі б Дзярждэп падтрымаў гэтую ідэю і прапанаваў нам – мы б былі вельмі ўдзячныя за гэтую магчымасць падзяліцца нашай музыкай і традыцыямі з людзьмі ў Расеі, бо сіла музыкі яднае нацыі і культуры. Наш аркестр рэгулярна выступае ў Еўропе і ў Афрыцы, і дапамога ў яднанні нацыяў – наш абавязак.

«Белсат»: Падчас менскага параду кіраўнік Беларусі ў форме галоўнакамандуючага стаяў побач з сынам, які быў апрануты ў вайсковую форму і на плячах якога былі такія ж генеральскія пагоны. Ці не хацелі б вы параіць прэзідэнту Бараку Оўбаму і ягонай сям’і змяніць строй у такім жа кірунку?

Майкл Мэнч: Мы паважаем традыцыі розных народаў, у тым ліку і ў плане вайсковай формы. Аднак як вайсковец Узброеных сілаў ЗША магу сказаць, што нашыя інструкцыі вызначаюць, якую форму я павінен мець. Гэта датычацца толькі тых мужчынаў і жанчын, якія, скажам, служылі ці служаць у войску. Я думаю, адказ на гэтае пытанне наконт прэзідэнта Оўбамы і палітыкі Белага дому можа даць Дзяржаўны дэпартамент.

«Белсат»: Як вам, дарэчы, менскі парад?

Майкл Мэнч: Мы ніколі не перажывалі нічога такога дагэтуль. Мы адчувалі гонар, маршыруючы разам з нашымі саюзнікамі ў Другой сусветнай вайне. Людзі, вайсковая тэхніка, самалёты, ветэраны… Гэты парад быў выраженнем вялікай павагі для ўсіх іх.

«Белсат»: Як выбіралі музыку для выступаў у Беларусі?

Майкл Мэнч: Усе нашыя музыкі – выпускнікі музычных установаў, у кожнага ёсць свае ўлюбёныя творы. Падчас паездкі ў Беларусь мы складалі наш рэпертуар з фрагментаў з мелодыяў розных еўрапейскіх і амерыканскіх кампазітараў, а таксама склалі папуры з беларускіх народных песень. На самім парадзе выканалі традыцыйны марш Джона Філіпа Сусы (John Philip Sousa) 1889 года «Washington Post», які наўпрост асацыюецца і з ЗША, і з нашымі ўзброенымі сіламі.

«Белсат»: Ці вы чулі нешта пра беларускую музыку дагэтуль?

Майкл Мэнч: Пяць гадоў таму я пачуў беларускую народную музыку ў апрацаванні Сяргея Хвашчынскага, які жыве ў Мінэапалісе (штат Мінэсота), і тая музыка мне вельмі спадабалася. Калі рыхтаваўся да паездкі ў Беларусь, запытаўся ў Сяргея, ці магу выкарыстаць фрагменты з ягоных твораў. А ён узяў і напісаў аранжыроўкі да песень і танцаў, якія мы выканалі ў Берасці і ў Менску.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў