Падманутыя дольнікі з цэнтру «Імпульс» выйшлі на сход пратэсту


У Менску прадпрымальнікі гандлёвых цэнтраў «Імпульс» ды «Імпульс-2» сабраліся на сход. Гандляры абураюцца продажам будынкаў гандлёвых цэнтраў кампаніі «Магнат трэйд» за $ 4 млн. з растэрмінаваннем. Бо, як цвердзяць прадпрымальнікі, яны ўклалі ў гандлёвыя пункты толькі з уласных сродкаў $ 19 млн.

Перадача цэнтру іншаму ўладальніку – спроба забраць бізнес?

«”Магнат трэйд”, юрыдычны адрас на вул. Кульман 1, зарэгістраваны ў 2007-ым годзе, але ніякіх слядоў дзейнасці няма……. Асабіста ў мяне складваецца ўражанне, што гэта проста падстаўная кампанія», – б’е ў званы дольніца Таццяна Паўлавец.

«У сярэднім людзі плацілі па $ 4-5 тыс. за метр, калі зараз па $ 700 прададуць – мы не атрымліваем нічога», – скардзіцца яшчэ адзін дольнік Генадзь Каралькоў.

 

Ці дапаможа Лукашэнка?

Па выніках сходу прадпрымальнікі пастанавілі збіраць подпісы пад зваротам да кіраўніка Беларусі з патрабаваннем неадкладна разабрацца ў справе. А 22-га чэрвеня гандляры і дольнікі пойдуць на асабісты прыём да кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай.

Некаторыя прадпрымальнікі не вераць у дапамогу ўладаў

Паводле неафіцыйных крыніцаў, кіраўніцтва кампаніі, што набывае будынак гандлёвага цэнтру і комплекс будынкаў у цэнтры сталіцы, набліжанае да атачэння Аляксандра Лукашэнкі.

ГВ, «Белсат», фота: Дарʼя Буракіна / TUT.BY

Стужка навінаў