Падманутая дольніца: «Атрымаць грошы, набіць морду і пасадзіць!»


Ні хаты, ні грошай, ні дапамогі ад дзяржавы. У такую сітуацыю трапілі тры дзясяткі семʼяў у Гомлі, якія хацелі купіць кватэры праз долевае будаўніцтва. Замест аплочаных квадратных метраў яны атрымалі толькі абʼёмныя праблемы.

«Атрымаць грошы, набіць морду і пасадзіць!», – абураецца падманутая дольніца.

З такімі эмоцыямі, але пакуль без вілаў у руках, гамельчукі шукаюць Канстанціна Царкова. Гэта дырэктар будаўнічай фірмы «Цэнтрлізінг». Вось тут офіс. Людзі патрабуюць альбо ключы ад кватэры, альбо вярнуць грошы.

«Мы цалкам унеслі грошы за кватэру ў кастрычніку 2014 года. У граніцах $ 35 тыс. на аднапакаёвую кватэру», – дзеліцца Валянціна Герасімава, падманутая дольніца.

Шматкватэрны дом, які каштуе $ 1 млн, на месцы прыватнага сектару існуе. Але толькі ў пратэрмінаваных планах.

«У ліпені 2016 я мусіў бы атрымаць кватэру. А цяпер ні грошай няма, ні кватэры няма, і прыватны сектар яшчэ стаіць, які, як абяцалі, знясуць у снежні 2014 і пачнуць будоўлю», – распавядае Сяргей Жлоба, падмануты дольнік.

Хоць жыхары гэтых старых хатаў і гатовыя былі пераехаць, знос прыватнага сектару так і не пачаўся. Дырэктар ААТ «Цэнтрлізінг» спачатку карміў дольнікаў «сняданнямі», казаў, будаўніцтва вось-вось пачнецца. Потым стаў хавацца. Цяпер у Маскве, кажа, што праз тыдзень прыедзе.

«Усе грошы, атрыманыя ад рэалізацыі аблігацыяў, былі пушчаныя ў праект. Ні капейкі грошай не было вывезена нікуды на сторану», – Канстанцін Царкоў, дырэктар ААТ «Цэнтрлізінг».

Фірма нібыта гатовая павольна вяртаць людзям іх сродкі. Але за два гады грошы моцна пагрызла інфляцыя.

«Калі я ўносіў грошы, долар каштаваў Br 10 700, а цяпер Br 20 тыс. А калі я нават атрымаю гэтыя грошы ў беларускіх рублях Br 418 млн., то што я куплю за гэтыя Br 418 млн., адну прыхожую?», – зазначае разгублены Сяргей Жлоба, падмануты дольнік.

Дольнікі скардзіліся мясцовым уладам. Чыноўнікі кажуць: вашая праблема – справа прыватная.

«Пісьмовы зварот пісала, прыйшоў адказ: звяртайцеся ў суд. Мы звярталіся ў КДБ», – кажа Валянціна Краўцова, падманутая дольніца.

«Увогуле ніхто не хоча размаўляць з людзьмі. Падманулі і ўсё», – тлумачыць Наталля Прышчэпава, падманутая дольніца.

Больш за тое, пакуль «дом-фантом» нібыта будавалі, скончыўся дазвол гарвыканкаму на знос гэтага прыватнага сектару.

«Тэрмін для рэалізацыі правоў грамадзянаў скончыўся 6 лютага 2016 г. Згодна з дзейным заканадаўствам рашэнне аб выключэнні з ужывання зямельных участкаў працягу не падлягае», – інфармуе Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Цяпер «Цэнтрлізінг» не можа законна будавацца, нават калі б і захацеў.

«То бок у нас цяпер няма прававых падставаў на зямельны ўчастак. Калі б яны былі, то мы на падставе існуючых дамоўленасцяў аператыўна бы ўсё закрылі», – упэўнены Канстанцін Царкоў, дырэктар ААТ «Цэнтрлізінг».

Цяпер падманутыя дольнікі патрабуюць, каб мясцовыя ўлады працягнулі дазвол альбо вылучылі іншы ўчастак зямлі пад забудову.

«Я хачу, каб гарвыканкам вылучыў людзям участкі і фірма пачала будаваць дом», – прызнаецца Ігар Грыбанаў, падмануты дольнік.

Судзіцца дольнікі пакуль не хочуць. Кажуць, калі «Цэнтрлізінг» прызнаюць банкрутам, то спадзевы на кватэры ці грошы дакладна не апраўдаюцца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў