Падлогі, крадзежы і пагрозы. Як працуе гомельская вертыкаль улады


Гэтых пенсіянераў нельга назваць апазіцыяй. Калісьці яны самі галасавалі за Лукашэнку, а цяпер спадзяюцца, што добры і разумны самадзяржавец разбярэцца з кепскімі баярамі. Сямёра смелых запісалі відэазварот да кіраўніка дзяржавы, бо ўжо не ведаюць, куды звяртацца.

«Ужо больш немагчыма трываць прыніжэнні і самаволю гомельскіх чыноўнікаў, беззаконне, што адбываецца ў судах, куды грамадзяне звяртаюцца па абарону сваіх правоў, гарантаваных канстытуцыяй», – абураецца Наталля Казлова, суаўтарка звароту да Аляксандра Лукашэнкі.

У кожнага з сямі падпісантаў свая праблема, пераважна гэта разбіральніцтвы з правам на зямлю. Але ўсё яны сутыкнуліся з грубай карупцыяй. Аўтары звароту кажуць, што гомельскія гарадскія і раённыя чыноўнікі займаюцца падлогам, падрабляюць дакументы і подпісы грамадзянаў, каб перадаць скрадзеную маёмасць сваім сваякам або атрымаць хабар.

«Тут чыноўнікі цалкам распусціліся і робяць усё паводле сваіх не законаў, а паняццяў», – кажа яшчэ адзін суаўтар звароту Віктар Спарыш.

Генпракуратура і адміністрацыя прэзідэнта маўчаць

Асабістыя і прыватныя звароты ў Генпракуратуру, Савет Міністраў і адміністрацыю прэзідэнта застаюцца без разгляду. Дакументы проста перасылаюць на адрас тых чыноўнікаў, якіх пенсіянеры просяць судзіць за злачынствы.

Суддзі ў Гомлі таксама не служаць закону, а абслугоўваюць чыноўнікаў, кажуць пенсіянеры ў відэазвароце. Людзі гатовыя падаць доказы гэтых фальсіфікацыяў з боку чыноўніцтва.

«Дзеючы паводле прынцыпу кругавой парукі, суддзі здзяйсняюць падлог і фальсіфікацыю матэрыялаў разгледжаных справаў. Яны хаваюць факты фальсіфікацыі і падробкі дакументаў чыноўнікамі», – тлумачыць Наталля Казлова.

Суд як рука помсты чыноўнікаў

Пенсіянеры проста не маюць грошай на суды і адвакатаў і не адчуваюць сябе абароненымі.

«Жыццю і здароўю маёй маці і нашых сваякоў пагражае рэальная небяспека. Калі маці пачала адстойваць свае правы ў судзе, ёй сталі паступаць пагрозы з боку суда», – зазначае Сяргей Шалюта, суаўтар звароту.

Наўрад ці гэтыя справы дойдуць да Лукашэнкі, калі ў ягонай адміністрацыі праблемы гомельскіх пенсіянераў ужо адзін раз праігнаравалі, лічыць Васіль Палякоў. Але грамадскі рэзананс можа дапамагчы знайсці праўду.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары