Падлеткам-махлярам, якія прадавалі ў інтэрнэце паношаныя красоўкі, выставілі абвінавачанне


Партызанскі раённы аддзел Следчага камітэту скончыў расследаванне справы трох менскіх падлеткаў, якія займаліся махінацыямі ў інтэрнэце.

Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэту па Менску Аляксей Клімовіч.

Следства выявіла, што маладыя людзі стварылі ў адной з сацыяльных сетак прыдуманую старонку па продажы брэндавага абутку. Каб надаць старонцы прывабнасці, ставілі лайкі, дадавалі падпісчыкаў і здымкі тавару, які нібыта мелі. Пасля таго як адзін пакупнік рабіў заказ, на ягоны адрас высылалі пасылку, у якой замест новага абутку знаходзіліся старыя красоўкі. Пры гэтым падман раскрываўся толькі пасля таго, як быў аплачаны тавар.

Падчас расследавання крымінальнай справы ўсталявалі сем эпізодаў супрацьпраўных дзеянняў абвінавачаных.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд. Падазраваным выстаўленае канчатковае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 209 Крымінальнага кодэксу Беларусі (махлярства, здзейсненае групай асобаў).

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў