Падчас выбараў у ЗША Оўбама загадаў спецслужбам адказаць расейскім хакерам


Барак Оўбама падчас сваёй прэзідэнтуры даў распараджэнне прыняць электронныя захады ў адказ на ўмяшанне Расеі ў выбары прэзідэнта ЗША.

Meduza піша, што ў жніўні 2016 года дырэктар ЦРУ Джон Брэнан паведаміў Беламу дому, што кібератакі праводзіліся па загадзе Уладзіміра Пуціна. Мэтай узлому ён назваў спробу перашкодзіць перамозе Гілары Клінтан на прэзідэнцкіх выбарах. Захады ў адказ Оўбама прыняў у снежні 2016 года, уводзячы супраць Расеі новыя санкцыі і высылаючы з ЗША 35 расейскіх дыпламатаў.

The Washington Post падае сёння, што Оўбама планаваў правесці серыю кібератак супраць Расеі, якія б лёгка «чыталіся ў Крамлі». Іх мэтай было «прадэманстраваць амерыканскія кібермагчымасці».

Гэтыя захады, аднак, адміністрацыя Белага дома палічыла недастатковымі: Оўбама вырашаў не выступаць з рэзкімі абвінавачваннямі ў адрас Расеі, каб не пагаршаць стасункі з ёй ды не пападаць пад абвінавачванні выкарыстання атак  у палітычных мэтах для ўмацавання на выбарах пазіцыяў Клінтан.

Паводле амерыканскага выдання, Оўбама загадаў таксама падрыхтаваць адмысловую сакрэтную праграму па выяўленню ўразлівасці ў расейскай электроннай інфраструктуры і ўкараненне ў расейскія сеткі «імплантаў», каб у патрэбны момант мець магчымасць вывесці іх з ладу.

Распрацоўка «імплантаў» была даручана Агенцтву нацыянальнай бяспекі ЗША (АНБ). Паводле журналістаў, амерыканскі ўрад павінен быў меў магчымасць актывізаваць іх у выпадку новай агрэсіі з боку Расеі, у тым ліку ў выпадку будучых хакерскіх нападаў.

Сёння аперацыя знаходзіцца на пачатковай стадыі.

Рашэнне аб яе выкарыстанні павінен будзе прыняць Дональд Трамп, хаця для працягу працы над ёй амерыканскім спецслужбам не будзе патрэбная згода Трампа, хоць ён і зможа яе спыніць адмысловым загадам. Паводле журналістаў, такога распараджэння яшчэ не было.

ДД

Глядзі таксама
Каментары