Падчас вучэнняў на Віцебшчыне заўважаны загадкавы баявы квадракоптэр

video

Ударны беспілотны лятальны апарат (БПЛА) быў паказаны ў эфіры праграмы «Арсенал» беларускага «ВаенТБ». Хоць раней гэты апарат не дэманстраваўся публіцы, ягонае зʼяўленне аніяк не было пракаментавана ў эфіры.

Наколькі відаць на скрыншоце з відэа, беспілотнік узброены парай рэактыўных гранатамётаў ці агнямётаў, ідэнтыфікаваць якія цяжка.

У пачатку сакавіка Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт паведамляў, што 558-ы авіяцыйны рамонтны завод пакажа на выставе «LIMA-2017» у Малайзіі «шырокую лінейку беспілотных лятальных апаратаў», як самалётнага тыпу, гэтак і «вертыкальнага ўзлёту і пасадкі (тыпу квадракоптэр)». Але існуючы беспілотны квадракоптэр «Шэршань» не падобны на паказаную машыну.


БАК «Шэршань». Фота з сайта 558arp.by

Прадэманстраваныя кадры ілюстравалі сумесныя вучэнні беларускіх парашутыстаў з Сіл спецыяльных аперацый і роты расейскіх дэсантнікаў у Віцебскай вобласці. Разам з імі ўдзельнічаў спецыяльны атрад хуткага рэагавання Унутраных войскаў МУС Беларусі. Вучэнні адбываліся з 28 скавіка па 6 красавіка.


Праграма «Арсенал», у якой паказаны баявы квадракоптэр.

«Пра нацыянальную прыналежнасць дрона нічога не паведамляецца, аднак адзначым, што ў пераліку расейскіх падраздзяленняў, якія ўдзельнічалі ў вучэнні, падраздзяленні БПЛА не згадваліся», – піша беларускі незалежны блог, які спецыялізуецца на праблемах нацыянальнай бяспекі.

У 2017 годзе адным з прыярытэтаў беларускай вайсковай прамысловасці названая распрацоўка беспілотных лятальных апаратаў, якія цяпер выкарыстоўваюцца амаль у кожным узброеным канфлікце. Першым буйным канфліктам, у якім БПЛА шырока выкарыстоўваюцца для выведкі і карэктыроўкі артылерыйскага агню з абодвух бакоў, стала вайна на Данбасе.

Таксама ў студзені старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Сяргей Гурулёў казаў, што ў 2017 годзе плануецца выпрабаваць гранатамёт беларускай вытворчасці.

«Мы ў гэтым годзе будзем выпрабоўваць уласны гранатамёт, супрацьтанкавы ракетны комплекс», – сказаў тады чыноўнік.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары