Падчас сустрэчы Папы Францішка з моладдзю ў Кракаве Еўропу прадставілі па-беларуску


У Кракаве адбылася першая сустрэча Папы Рымскага Францішка з маладымі людзьмі, якія прыбылі на Сусветныя дні моладзі ў Польшчу.

Сустрэча, якая адбылася ўчора, стала першай у межах сёлетніх Сусветных дзён моладзі і на яе прыбыло каля 600 тыс. католікаў з 187 краін свету.

Адметна, што падчас прэзентацыі шасці кантынентаў Еўропу прадстаўляла беларуска Наталля Скіпар – салістка музычнага тэатру ў Любліне, выпускніца аддзялення музыкалогіі Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне.

Дзяўчына, якая мае класічнае меца-сапрана, выканала кароткі спеў на беларускай мове, у якім распавядалася пра ўклад святога Вінсэнта дэ Поля ў распаўсюджванне Божай міласэрнасці ў Еўропе.

Гэтак прэзентацыя Еўропы перад удзельнікамі Сусветных дзён моладзі і Папам Рымскім адбылося па-беларуску. Канцэпцыяй прэзентацыі былі абраны аповеды пра святых – па адным на кожны з кантынентаў.

Паўночная Амерыка ў сваю чаргу была прэзентаваная па-англійску, Паўднёвая Амерыка – па-іспанску, Азія – па-армянску, Афрыка на мове суахілі, а Аўстралія на мове маёры.

МЯ, паводле catholic.by

Стужка навінаў