Падчас спантаннай Плошчы затрымалі 5 анархістаў. Сёння суды


Сёння суд разгледзіць адміністратыўныя справы ў дачыненні да анархістаў, якіх затрымалі падчас учорашняй пратэставай акцыі.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

«11 кастрычніка каля 20-й гадзіны недалёка ад плошчы Незалежнасці былі затрыманыя 5 актывістаў анархісцкага руху. Дваіх змясцілі на ноч у цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Лёс яшчэ траіх высвятляецца», – гаворыцца на сайце арганізацыі.

Вядома, што на анархістаў склалі пратаколы па арт.17.1 КаАП «Дробнае хуліганства», і сёння адбудзецца разгляд адміністратыўных справаў у судзе Кастрычніцкага раёну Менску.

Акрамя таго назіральнікі паведамляюць, што пратакол быў складзены і на 17-галовага Ягора Скрабнеўскага, аднак хлопца адпусцілі.

Падчас учорашняй размовы з журналістамі кіраўнік краіны папярэдзіў апазіцыю пра тое, што выбары заканчваюцца 11 кастрычніка а 20-й, і ад гэтага часу трэба «жыць паводле закону».

Пасля закрыцця выбарчых участкаў у цэнтры Менску сабралася спантанная акцыя пратэсту, якая налічвала 150-200 удзельнікаў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў