Масавыя пратэсты ў Іране: больш за 20 загінулых, у тым ліку паліцыянт


Антыўрадавыя пратэсты ў Іране не спыняюцца ўжо шосты дзень. Колькасць ахвяраў перавысіла 20: сярод загінулых ёсць адзін паліцыянт.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Паводле дадзеных паліцыі, агучаных па іранскім тэлебачанні, у горадзе Неджэфабад у цэнтральнай частцы краіны адзін з пратэстоўцаў адкрыў агонь па паліцыянтах з паляўнічай стрэльбы. Упершыню ў часе пратэстаў загінуў сілавік.

У ноч на аўторак 2 студзеня загінулі яшчэ 8 чалавек. Такім чынам, колькасць ахвяраў перавысіла 20 чалавек. Як перадае Deutsche Welle, у сацсетках была інфармацыя аб абстрэле паліцыянтамі пратэстоўцаў, але афіцыйныя крыніцы гэтага не пацвярджаюць.

Паводле афіцыйных дадзеных, за тры апошнія дні толькі ў Тэгеране былі затрыманыя 450 чалавек.

Студэнтка на пратэстах у Тэгеране, фота АР

Пазіцыя ўладаў

Прэзідэнт Ірана Хасан Раухані напярэдадні заявіў, што да антыўрадавых дэманстрацыяў у Іране прывяло ўмяшальніцтва трэціх краін, у першую чаргу Саудаўскай Аравіі. На думку кіраўніка дзяржавы, «ворагі Ісламскай Рэспублікі раззлаваныя… поспехамі і прагрэсам іранскай нацыі і далі зарок наклікаць на Іран рэгіянальныя праблемы».

Міжнародная рэакцыя

Увечары 1 студзеня вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыка Магерыні заклікала Тэгеран гарантаваць грамадзянам «права на мірныя дэманстрацыі і свабоду выказвання меркавання».

Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што іранскія ўлады павінны дазволіць вядзенне сур’ёзных «дэбатаў» аб праблемах у Іране. Патрабаванні пратэстоўцаў «легітымныя і важныя», указаў ён. Заклапочанасць сітуацыяй выказалі і ў МЗС Нямеччыны. А ў знешнепалітычным ведамстве Расеі заявілі, што ўмяшанне іншых дзяржаваў у правы Ірана можа «дэстабілізаваць краіну».

Віцэ-прэзідэнт ЗША Майкл Пэнс заявіў у Twitter, што адміністрацыя Трампа не будзе ігнараваць «гераічны супраціў іранскага народу, які вядзе барацьбу з жорсткім рэжымам». Пэнс падкрэсліў, што улады ЗША акажуць падтрымку пратэстоўцам.

***

Беспарадкі ў Іране працягваюцца ўжо шосты дзень. Першапачаткова яны былі накіраваныя супраць эканамічнай палітыкі Ірану і высокіх коштаў, потым удзельнікі пратэстаў пачалі выказваць незадаволенасць урадам краіны.

КА, belsat.eu, паводле dw.com/apnews.com/reuters.com

Стужка навінаў