Падчас нападу на зброевую краму і вайсковую частку ў Казахстане застрэлілі 6 чалавек


Праваахоўнікі кажуць, што напад на зброевую краму і страляніну ў Актэбэ зладзілі «радыкальныя прыхільнікі нетрадыцыйных рэлігійных плыняў».

Спачатку ў Дэпартамент унутраных справаў паступіла паведамленне пра напад невядомых асобаў на зброевую краму ў Актэбэ, а 15:45 (паводле астанінскага часу) стала вядома пра напад на іншую зброевую краму і размяшчэнне вайсковай часткі Нацыянальнай гвардыі.

«Падчас нападу быў забіты прадавец крамы «Палада», адзін чалавек быў паранены. У тым ліку пры адбіцці нападу загінуў адзін афіцэр і адзін вайсковец-кантрактнік, дзевяць ваеннаслужачых параненыя, адзін з нападнікаў затрыманы, трое забітыя, адзін паранены, некалькі злачынцаў заблакаваныя, некалькім нападнікам удалося ўцячы», – распавёў афіцыйны прадстаўнік казахскага МУС Алмас Садубаеў.

Паводле яго, цяпер праводзяцца захады для затрымання нападнікаў, якія засталіся на волі. Згодна з папярэдняй версіяй, нападнікі ёсць радыкальнымі прыхільнікамі нетрадыцыйных рэлігійных плыняў.

«У Актэбэ абвешчаны рэжым антытэрарыстычнай аперацыі, прыпыненая праца забаўляльных установаў і рух грамадскага транспарту», – адзначыў прадстаўнік МУС.

Страляніна ў Актэбэ пачалася 5 чэрвеня пасля 14-й гадзіны (паводле актэбэнскага часу). Відавочцы адразу ж паведамілі, што зламыснікі абрабавалі зброевую краму «Палада» ў старой частцы гораду.

НМ, belsat.eu, паводле «Новости-Казахстан»

Стужка навінаў