Падчас бунта ў Турцыі загінулі 190 чалавек, больш за 1100 параненых (Відэа)

video

У Турцыі ў выніку спробы дзяржаўнага перавароту і ліквідацыі паўстання ёсць шмат смяротных ахвяраў і параненых.

Пра гэта паведамляе «Agence France-Presse» са спасылкай на турэцкае агенцтва «Anadolu».

Паводле ўдакладненых звестак, 190 чалавек загінулі, 1154 чалавекі атрымалі раненні. Як абвясціў выканаўца абавязкаў кіраўніка Генштабу, генерал Уміт Дундар, сярод загінулых 104 мяцежнікі, 41 паліцыянт, два вайскоўцы і 47 грамадзянскіх асоб.

У асноўным сутыкнення адбываліся ў сталіцы Турцыі Анкары і найбуйнейшым горадзе краіны Стамбуле. Загінулі прынамсі два паліцыянты, якія ахоўвалі гатэль на курорце Мармарысе, дзе спыняўся прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган.

Раней афіцыйных звестак пра колькасць загінулых у выніку сутыкненняў падчас перавароту не паведамлялася, але было вядома, што ахвярамі сталі некалькі дзясяткаў чалавек.

Група вайскоўцаў распачала ў ноч на 16 ліпеня спробу ўзброенага перавароту ў Турцыі. Мяцежнікі захапілі некалькі верталётаў і танкаў, перакрылі масты праз Басфор ў Стамбуле і сталі абстрэльваць з паветра ўрадавыя будынкі ў Анкары, а таксама перашкодзілі працы каналаў «TRT» і «CNN Turk». Праз некалькі гадзін пасля абʼявы пра дзяржаўны пераварот сілы, лаяльныя Эрдагану, прымусілі бунтаўнікоў здацца.

Агулам затрыманыя больш за 1,5 тыс. чалавек, якія падазраюцца ў дачыненні да паўстання.

МЯ, паводле meduza.io

Глядзі таксама
Каментары