Будаўніцтва новай гідраэлектрастанцыі скончылі на мінулым тыдні.
Праект складаецца з 3 частак і 15 пускавых комплексаў. Асноўныя абʼекты будаўніцтва – гідравузел, які ўключае пяць гідраагрэгатаў чэшскай кампаніі Mavel, схема выдачы магутнасці ў энергасістэму і вадасховішча. Чэшская фірма распачала абслугоўванне аб’екту ўжо з самага пачатку будаўніцтва.
Магутнасці новай ГЭС будзе дастаткова, каб пакрыць патрэбы ў электрычнасці Лепельскага, Ушацкага, Чашніцкага і Расонскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Віцебская і Полацкая ГЭС – дзве наймагутнейшыя станцыі ў Беларусі. У сярэднім Полацкая ГЭС будзе выпрацоўваць 110 млн кВт • ч. Устаноўленая электрычная магутнасць станцыі – 21,66 МВт.
Даўжыня вадасховішча новай ГЭС – 83 км. На гэтым адрэзку будаўнікі правялі маштабныя працы: рэканструявалі масты і пераходы, умацавалі масты ды асушылі забалочаныя месцы.
Адметнасць Заходняй Дзвіны каля Полацку – магчымасць стварыць запас вады без падтаплення значных тэрыторый.
Аб’яднанне «Белэнерга» падае, што падчас будаўніцтва Полацкай ГЭС пад знос трапіла толькі 6 дапаможных пабудоў у прылеглых населеных пунктах. Для параўнання: падчас будаўніцтва Віцебскай ГЭС пад руйнаванне прызначылі каля сотні лецішчаў і жылых дамоў.
Абслугоўваць Полацкую ГЭС будуць дваццаць чалавек. Два спецыялісты, якія займаюцца аўтаматыкай, прайшлі стажыроўку ў Чэхіі, астатні персанал стажыраваўся на Гарадзенскай ГЭС, дзе ўсталяванае аналагічнае чэшскае абсталяванне.
ДД