Падазраваныя ў расстрэле парыжскіх журналістаў абрабавалі аўтазапраўку


Двое галоўных падазраваных у нападзе на рэдакцыю часопісу «Charlie Hebdo» абрабавалі аўтазапраўку на поўначы Францыі.

На месцы, дзе зламыснікі скралі ежу і бензін, знаходзяцца паліцыянты з антытэрарыстычнага падраздзялення. Аўтазапраўку ў дэпартаменце Эна абрабавалі перад абедам, падае Бі-Бі-Сі.

Яе менеджар распавёў, што зламыснікі былі з аўтаматамі Калашнікава і рэактыўнымі гранатамётамі ды адпавядалі апісанню парыжскіх нападнікаў. Яны выехалі з запраўкі на аўтамабілі «Renault Clio», які, відавочна, выкралі ў Парыжы пасля нападу.

У атацы на «Charlie Hebdo» падазраюць братоў Шэрыфа і Саіда Куашы, на арышт якіх ужо выдадзены ордэр.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Яшчэ адзін маладзён, якога шукала паліцыя, увечары 7 студзеня сам здаўся сілавікам, але пакуль незразумела, ці разглядаюць яго ў якасці падазраванага.

Праваахоўнікі таксама арыштавалі сем чалавек, якія, як мяркуюць, звязаныя з братамі Куашы. Шэрыф Куашы ў 2008 годзе быў асуджаны на 3 гады за прыналежнасць да групы, якая адпраўляла джыгадыстаў у Ірак.

Ахвярамі нападу на «Charlie Hebdo» сталі 12 чалавек. Сярод іх – галоўны рэдактар выдання Стэфан Шарбанно і трое вядомых карыкатурыстаў часопісу.

Яшчэ 11 чалавек атрымалі раненні. Па наяўных дадзеных, у нападзе ўдзельнічалі трое мужчынаў, узброеных аўтаматамі Калашнікава. Сведкі кажуць, што яны выкрыквалі на арабскай мове: «Мы адпомсцілі за прарока Мухамэда» і «Алах Акбар».

У 2011 годзе офіс «Charlie Hebdo» закідалі бутэлькамі з запальнай сумессю. Часопіс раззлаваў некаторых мусульманаў карыкатурамі на прарока Мухамэда.

Між тым юрыст «Charlie Hebdo» паведаміў, што наступнае выданне часопісу выйдзе накладам у мільён асобнікаў – у процівагу звычайным 60 тыс.

МЯ, belsat.eu, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў