Падатковая пачала паляванне на дармаедаў

video

«Ну і няхай, адсядзім 15 сутак, адпрацуем і ўсё» – гэтак рэагуюць жыхары Краснапольскага раёну на Магілёўшчыне на перспектыву атрымаць содні за тое, што не сплацяць гэтак званага падатку на дармаедства.

Газу няма, святла няма, ёсць толькі бульба, яблыкі ды сыраежкі

Беспрацоўныя вяскоўцы атрымалі папярэджанні пра неабходнасць з’явіцца ў падатковую, каб патлумачыць, чаму яны не плацілі падаткаў у 2015-ым.

«За што я павінен плаціць Br 360, я не ведаю. Калгасы разваленыя, працы няма. На біржы таксама сказалі што працы няма. На біржы дапамогу не даюць за тое што беспрацоўны», – кажа жыхар вёскі Раманькі.

Мікалай жыве адзін, даўно не працуе, бо працы не можа знайсці не толькі ў сваёй вёсцы, але і ўва ўсім раёне.

«За святло не было чым плаціць – адключылі, газу няма на што купіць. На вуліцы печка стаіць, там бульбу гатую. Цяпер добра яшчэ яблыкі ёсць. Часам можна сыраежку знайсці», – дзеліцца яшчэ адзін беспрацоўны з Раманькі Мікалай Канаплянікаў.

Краснапольскі раён лічыўся пацярпелым ад Чарнобылю, цяпер ільготы знялі. Сельскую гаспадарку знішчылі аб’яднаннем калгасаў – увесь раён гэта адно адкрытае акцыянернае таварыства «Краснапольскі». Якое не можа забяспечыць працай нават тых нешматлікіх вяскоўцаў, што не ўцяклі ў горад.

«Хоць пехатою буду ісці, дайце хоць нейкую працу – кажуць няма, чакайце», – зазначае Мікалай.

Плаціць пакуль не трэба, але ніхто і не збіраецца

Працы няма, а вось падатак – заплаці. Што праўда, у падатковай інспекцыі супакойваюць: паперкі без подпісу і пячаткі, якія атрымалі беспрацоўныя вяскоўцы – гэта яшчэ не абавязак плаціць.

«Гэта проста паведамленне што ў вас ёсць шанец прыйсці ў інспекцыю і патлумачыць што вы магчыма працавалі па дамове ці можа афіцыйна працавалі ў Расеі, ці хварэлі ці ў вас інваліднасць», – супакойваюць у падатковай інспекцыі.

Тыя, хто ўжо атрымаў такія паведамленні, плаціць пераважна і не збіраюцца. Бо папросту не маюць грошай.

«Няма ў мяне чым плаціць, у мяне дзеці ёсць, мне трэба дзяцей карміць а не дзяржаве плаціць Br 360»,
«Няхай садзяць. Няма грошай плаціць – няхай садзяць. У турме не страшна!»,
– прызнаюцца мужчыны.

Праваабаронцы ж нагадваюць, што дэкрэт пра дармаедства супярэчыць Канстытуцыі ды прапаноўваюць не звяртаць увагі на паперкі без пячаткі.

«Трэба адстойваць свае правы і патрабаваць каб выконвалася канстытуцыя, і казаць пра тое, што я маю права не працаваць. І гэта не мой абавязак. Паведамленні якія не ўтрымліваюць ні даты ні подпісу, можна прыраўніваць да спаму і выкідаць у смецце », – тлумачыць праваабаронца Леанід Судаленка.

Спачатку ты дармаед, потым апазіцыянер, а пасля – касінер

Толькі праблема ад гэтага не знікне, праца ды грошы не з’явяцца, а патрабаванне заплаціць падатак, ужо з пячаткай і подпісам, усё ж прыйдзе да беспрацоўных.

«Ня ведаю што рабіць. Напэўна трэба браць косы ў рукі і на нейкую дэманстрацыю. Нічога больш не застаецца», – падсумоўвае Мікалай Канаплянікаў.

Br Br 360 беларусы, якія не працавалі больш за 183 дні летась, мусяць заплаціць да 15-га лістапада.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота – TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары