Падаткавікі зацікавіліся сабакамі і катамі


Менская падатковая запусціла акцыю, падчас якой грамадзяне маюць «паведамляць» пра тых, хто разводзіць катоў і сабакаў і пры гэтым не плаціць падатак.

Пра акцыю «Выплата падаткаў – абавязак кожнага грамадзяніна!», якая пачынаецца сёння і будзе працягвацца па 14 верасня, паведамляецца на сайце Інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў па Менску.

У ведамстве Belsat.eu патлумачылі, што тыя, хто разводзіць катоў і сабак, каб прадаваць, мусяць плаціць адзіны падатак. Ягоны памер вызначаюць абласныя і Менскі гарадскі савет дэпутатаў. Напрыклад, калі займацца продажам кацянятаў у Менску, трэба плаціць 40 рублёў на месяц, а пры продажы шчанюкоў давядзецца заплаціць 50 рублёў. У сваю чаргу памер штрафу – 15 % ад нясплачанай сумы падатку, пры гэтым не менш за 0,5 базавай велічыні (Br 12,25).

Просяць «стучаць» не ўпершыню

Гэта ўжо не першая падобная акцыя падаткавікоў. У сакавіку яны ўжо прапаноўвалі менчукам «здаваць» ухілістаў. Акрамя таго Міністэрства падаткаў і збораў заклікала паведамляць пра людзей, якія «жывуць не па сродках». Эксперты тады звярталі ўвагу на тое, што пагоня за дробнымі неплацельшчыкамі выглядае камічна на фоне тых буйных ухіленняў, якія знаходзяцца навідавоку.

«Улада кажа народу: «Народ, пакажы, хто жыве не па сродках!» Ну і нашто яны гэта робяць? Яны ж самі сябе падстаўляюць. У народа адразу ж адказ – «ідзіце схадзіце ў Дразды, паглядзіце катэджы». Ці можна пабудаваць катэдж за некалькі мільёнаў долараў, атрымліваючы заробак нават тысячу долараў у месяц? Як? Добра, калі вы ўзялі крэдыты ў беларускіх рублях без індэксацыі, дык чаму ім можна, а простым людзям нельга гэта рабіць?» – каментаваў тады ініцыятыву ўладаў старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў