Падарунак электарату перад выбарамі – не рост прыбыткаў, а стрымліванне вялікіх стратаў


Толькі пенсіянерам з 1-га верасня на 5 % уздымуць памеры штомесячных выплат. Іншыя – нават і не чакайце… Ніхто з нас не атрымае сімвалічных надбавак, якія нам зазвычай даюць улады напярэдадні выбараў. Адметнасць сёлетняй кампаніі, якая адбываецца ў перыяд крызісу, не ў падарунках, а ў стрыманні буйнамаштабных стратаў.

Напярэдадні выбараў улады заўжды імкнуцца заручыцца падтрыманнем электарату. Гэта адбываецца ў дэмакратычных краінах, дзе ад галасоў выбарцаў залежыць знаходжанне палітыкаў пры ўладзе. Але таксама і ў недэмакратычных, дзе выбары фальсіфікуюцца і ад галасоў выбарцаў нічога не залежыць.

«У другім выпадку падтрыманне з боку электарату забяспечвае легітымнасць дзейнай улады, – заўважыў палітолаг Юрый Чавусаў. – Гэта значыць галодны і незадаволены электарат нават пры адсутнасці справядлівых выбараў можа стварыць нечаканасці для ўладаў, напрыклад, у выглядзе масавых пратэстаў. Момант выбараў – той час, калі палітыкі непазбежна імкнуцца задаволіць чаканні насельніцтва».

Паміж прэзідэнцкімі выбарамі 2001-га і 2006-га ўлады выразна акрэслілі, што лічаць пенсіянераў сваёй палітычнаю сілай.

Памеры пенсіяў напярэдадні выбараў выраслі тады ў чатыры разы. Не так моцна, але дзейны кіраўнік падтрымаў таксама войска, міліцыю, бюджэтнікаў. Абяцаны перад выбарамі сярэдні заробак удавалася дацягваць да неабходнай квоты ($ 100 пасля выбараў 2001-га года і $ 250 пасля выбараў 2006-га года). Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010-га года рэсурс на падтрыманне электарату быў значна меншы. Да сацыяльных і працоўных пенсіяў дадалі 10 %. Скасаваныя ў папярэднія гады льготы не вярнулі. А паабяцанага тады насельніцтву сярэдняга заробку ў $ 500 дачакаліся толькі ў 2012-ым годзе – праз год пасля буйной дэвальвацыі рубля.

Заробкі ў $ 500 атрымалася зрабіць у 2010 годзе толькі на надзвычай кароткі час, бо пры буйной дэвальвацыі, якая здарылася ў 2011 годзе, гэткія сумы былі недасягальныя.

Сёлета перадвыбарчага росту заробкаў не прадбачыцца. А цягам года надбаўкі не паспявалі за інфляцыяй.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Такія законы эканомікі. Ад гэтага нікуды не падзенешся. Тым больш у цяжкія часы ніхто з такімі пытаннямі ў ніводнай дзяржаве не сваволіць. А калі заробкі не надта вялікія, то і пенсіі да іх прывязаныя»…

Таму сёлета ад 1 верасня пенсіі павышаюць толькі на 5 %, прычым упершыню за год. Самі пенсіянеры гэтаю лічбаю незадаволеныя, бо нават у нявыбарчы 2014-ы год пенсіі раслі тройчы – на 5%, 7 % і 5,5 %.

Падчас крызісу ўлады Беларусі карэктавалі звычайнае падтрыманне электарату: замест надбавак і датацый устрымліваліся ад мэтазгодных з пункту гледжання эканомікі, але непапулярных сярод насельніцтва крокаў, стасуючы палітыку лагоднасці.

«Эканамічная логіка вымагала б большай дэвальвацыі рубля, скарачэння працоўных месцаў, рэструктурызацыі дзяржаўнага сектару і прыватызацыі. Аднак у сувязі з выбарамі ўрад не можа пайсці на гэтыя крокі, бо гэта б змусіла народ засумнявацца ў легітымнасці тых вынікаў выбараў, якія ўжо запраграмаваныя гэтым рэжымам. Імаверна, поўнамаштабнае ўжыванне непапулярных захадаў чакае Беларусь праз нейкі час пасля выбараў», – мяркуе палітолаг Юрый Чавусаў.

Галоўнае, каб пеня за адтэрмінаваныя рэформы не была для беларусаў надта высокаю! Апроч зменаў у эканоміцы і на вытворчасці, змены прыйдуць і наўпрост у нашыя дамы. Памятайма, што да канца года мае адбыцца пераход на 100 % пакрыцця насельніцтвам выдаткаў на электразабеспячэнне. Хоць як і ў выпадку з пенсіямі, чыноўнікі рабілі рэмарку – рост тарыфаў прывязаны да росту заробкаў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Стужка навінаў