Пад выглядам уцекачоў у ЕЗ трапілі 17 баевікоў «Ісламскай дзяржавы»


Нямецкі чыноўнік распавёў пра тэрарыстаў, якія прыкідваюцца ўцекачамі.

Пад выглядам уцекачоў у Еўразвяз агулам уехалі 17 баевікоў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Такія лічбы агучыў кіраўнік Федэральнага ведамства па ахове канстытуцыі Нямеччыны Ханс-Георг Масэн (Hans-Georg Maaßen) у інтэрвʼю выданню «Frankfurter Allgemeine Zeitung».

Большасць з 17 баевікоў забітыя альбо арыштаваныя, сцвярджае Ханс-Георг Масэн. У прыватнасці два з іх загінулі падчас тэрактаў у Парыжы ў леташнім лістападзе. У сёлетнім чэрвені спецслужбы затрымалі трох тэрарыстаў, якія жылі ў Нямеччыне і планавалі зладзіць тэракт у цэнтры Дусэльдорфу.

Паліцыя атрымлівае сотні заяваў

На думку Масэна, ІД у прынцыпе не мае патрэбы ў выкарыстоўванні маршрутаў, па якіх у Еўропу трапляюць уцекачы.

«У першую чаргу ІД намагаецца паказаць сваю ўладу», – заявіў чыноўнік.

Паводле яго, у паліцыю Нямеччыны паступаюць сотні заяваў пра тое, што сярод уцекачоў, якія прыбываюць у Еўропу, ёсць тэрарысты «Ісламскай дзяржавы». Усе заявы правяраюць супрацоўнікі праваахоўных органаў, але інфармацыя практычна ніколі не пацвярджаецца. У частцы выпадкаў распачалі расследаванні.

НМ, belsat.eu, паводле DW.com

Стужка навінаў