Пад Вільняй пабудуць экалагічны катэджны пасёлак для беларусаў


Праект рэалізуе літоўская інвестыцыйная група NordicaGroup, генпадрадчык па будаўніцтве – беларуская фабрыка дамоў «ДубльДом», якая займаецца вытворчасцю модульных дамоў.

Пасёлак «Ля Вільні» паўстане за тры кіламетры ад літоўскай сталіцы. На тэрыторыі абʼекту, які будзе ахоўвацца, размесціцца 26 участкаў з модульнымі дамамі.

«Метраж модульных дамоў, цалкам мэбляваных і гатовых да пражывання, складзе ад 40 да 180 квадратных метраў. Плошча кожнага ўчастка будзе варʼіравацца ад 8 да 15 сотак. На тэрыторыі пасёлка запланаваны рэкрэацыйныя зоны: парк, вадаём, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі. У доме правядуць усе камунікацыі – электрычнасць, водаправод, ECOLINE каналізацыя, таксама ў камплектацыю ўваходзіць неабходнае сантэхнічнае абсталяванне. На дадзеным этапе падрыхтаваны ўчастак пад забудову, пракладзены камунікацыі, наш завод робіць першыя дамы – плошчай 60 квадратных метраў. Мяркую, праз тры месяцы мы іх ужо паставім», – распавядае tut.by дырэктар па развіцці бізнесу кампаніі DublDom Вячаслаў Бабіенка.

Кошт модульнага дому з надзелам «пад ключ» стартуе ад 65 тысяч еўра – столькі каштуе 40-метровы домік з участкам.

Будаўніцтва пасёлка «Ля Вiльнi» плануюць завяршыць да пачатку 2017 года.

Пасёлак знаходзіцца ў прыгарадзе Вільні, за 10 хвілінаў язды ад цэнтральнага праспекта Гедыміна. Побач – траса Менск–Вільня, аэрапорт, супермаркет. З плюсаў куплі нерухомасці ў Літве стваральнікі пасёлка называюць магчымасць атрымання шматразовай візы і ўладальнікам участка, і членам іх семʼяў.

ДР, belsat.eu  паводле tut.by

Стужка навінаў