Пад Віцебскам знішчаюць вёску з 400-гадовай гісторыяй, каб кітайцы маглі пабудаваць электрастанцыю


Больш за 70 лецішчаў таварыства «Суднабудаўнік» на беразе Дзвіны пад Віцебскам і цалкам вёска Барвін – 24 дамы і 400 гадоў гісторыі – маюць знесці з нагоды будаўніцтва Віцебскай гідраэлектрастанцыі, што пад наглядам замоўцы – «Віцебскэнерга» – будуе кітайскі інвестар, кампанія «CNEEC».

ЛЮДМІЛА, ЖЫХАРКА ВЁСКІ БАРВІН:

«Нам вельмі балюча».

ДРЭС – у перспектыве самы буйны гідравузел краіны, аб’ёмаў якога хопіць на забеспячэнне патрэбаў Віцебскай вобласці ў электраэнергіі, – плануюць пабудаваць у 2017 годзе. Праз плаціну, якая мае стаць упоперак Дзвіны, узровень вады падымецца прыкладна на 9 метраў, таму навакольныя лецішчы і хаты, якія апынуцца ў зоне падтаплення і забалочвання, «Віцебскэнерга» прызначыў пад знос. Жыхарам амаль 100 дамоў інвестар абяцае кампенсацыю. Але пагаджаюцца на такі варыянт далёка не ўсе.

СЯРГЕЙ, ЖЫХАР ВЁСКІ БАРВІН:

«Што тут, качаняты будуць плаваць? Замест таго, каб людзям жыць? Мала таго, тут могільнік, у мяне там пахаваныя ўсе родныя. І ён будзе затоплены».

Пра тое, што дамы прызначаныя пад знос, дачнікі паселішча «Суднабудаўнік» даведаліся сёлета ў траўні, а барвінаўцы – у жніўні. З таго часу, аб’яднаўшы намаганні двух берагоў, людзі пачалі барацьбу.

Жыхары здзейснілі шэраг наступальных акцыяў: сустрэліся з першым намеснікам прэм’ер-міністра Васілём Мацюшэўскім, адзначылі парушэнні ў тэрмінах інфармавання пра планаваныя змены, сабралі грошы на юрыста ды замовілі ў праектным інстытуце «Віцебскгіпразем» вымярэнні вышыні берагоў. Грошы на даследаванне збіралі талакой: і тыя, каму знос пагражае, і больш удачлівыя суседзі.

На аргументы пра магчымасць падтаплення ў будучыні гародаў і лёхаў, калі ўзровень вады падымецца, людзі адказваюць адназначна: яны гатовыя змагацца з будучым забалочваннем сваёй зямлі самастойна і нават прапанавалі праект пад’ёму хатаў, што будзе каштаваць танней утрая, чым сплочванне кампенсацыі (паводле папярэдніх падлікаў, выплаты за дамы складуць каля $ 1 млн). Дарэчы, паралельна з інфармацыяй пра знос у маляўнічым Барвіне з’явіліся абвесткі ахвотных набыць дамы. Каму і навошта трэба «залатая зямля»?

Наперадзе ў дачнікаў і барвінцаў – сход, рыхтуюць яны і заяву ў суд ды разлічваюць на перамогу.

Дарэчы, затаплення чакае і лецішча Фёдара Шмакава, знакамітага актора Коласаўскага тэатру, народнага артыста СССР і Беларусі, ганаровага грамадзяніна Віцебску.

ВГ, «Белсат»

Стужка навінаў