Пад Варшавай шукаюць 6-метровую змяю


Выратавальная служба па абароне жывёлінаў шукае пад польскай сталіцай паўзуна, які скінуў амаль 6 метраў скуры. Частку знайшлі на месцы ў выходныя, куды мясцовыя жыхары выклікалі адмыслоўцаў, і пазней у траве выявілі другую частку.

«Скура без галавы мае даўжыню 5,30 м і акружнасць каля 50 см. Эксперт апісаў яе як скуру дарослага тыгравага пітона», – паведамляе служба «Animal Rescue» у Польшчы.

Паводле адмыслоўцаў, змяя можа быць галодная і агрэсіўная. Найбольш яна пагражае дзецям і хатнім жывёлінам.

Магчыма, што гэта жарт заводчыка змеяў, які падкінуў скуру свайго гадаванца на бераг Віслы. Аднак пакуль такая версія не пацвердзілася, людзей просяць не шпацыраваць і не спаць у тых ваколіцах.

На пяску таксама знайшлі сляды перамяшчэння змяі. Пакуль невядома, адкуль уцёк пітон. Гэта жывёліна не жыве ў нашай шыраце. Тыгравы пітон у залежнасці ад падвіду жыве ў Бірме, Паўднёвым Кітаі, Лаосе, Малайзіі, Інданезіі, Усходняга Пакістана, Непала, Індыі і на Цэйлоне.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў