Пад Менскам збілі маці байца Зубра


Жанчына кажа, што павінна была памерці, бо білі па галаве.

Паведамленне пра інцыдэнт зʼявілася на старонцы Тактычнай групы «Беларусь» у Facebook.

«29 чэрвеня пад Менскам адбыўся напад на маці байца Тактычнай групы «Беларусь» дружы Зубра», – гаворыцца ў паведамленні.

Zrzut ekranu 2016-06-30 o 18.28.15

Паведамленне ў сацыяльнай сетцы

Маці байца Вольга распавяла, што напад быў здзейснены, калі яна выйшла з электрычкі на станцыі «Зялёнае» і накіравалася на лецішча. Не дайшла недзе 500 метраў, калі напаў невядомы.

«Я пачула ззаду нечыя крокі, азірнулася і ўбачыла незнаёмага мужчыну, у прынцыпе, прыстойнага выгляду. Ён трымаў у руках нейкае палена. Я хацела бегчы, але тут пасыпаліся ўдары. Я крычала і спрабавала бегчы, вельмі спалохалася. Ня ведаю, як мне ўдалося ўцячы. Я прыбегла на сваё лецішча, выклікала міліцыю, паклікала суседзяў. Прыехала міліцыя. Потым мяне павезлі ў лякарню, бо была разбітая галава, наклалі швы», – распавяла жанчына.

Міліцыя разводзіць рукамі

Яна ўпэўненая, што міліцыя нічога не будзе шукаць, хаця прыязджалі тры брыгады і бралі паказханні. Цяпер міліцыянты разводзяць рукамі, бо версія незразумелая.

«Рабавання не было. Можа ён хацеў мяне проста папалохаць, а можа гэта нейкая палітычная акцыя. Я ня ведаю, што хацеў ад мяне той чалавек. Я наагул ня ведаю, што думаць. Альбо гэта проста выпадковасць, альбо гэта звязана з маім сынам, які ваюе ва Ўкраіне, альбо з тым, што я дамагаюся ад КДБ вярнуць мне мой ноўтбук, які яны забралі пасля ператрусу на праверку», – заўважыла маці байца з пазыўным «Зубр».

Яна паспела разгледзець нападніка. Кажа, што той быў добра апрануты – у кашулі, штанах. Высокі, хударлявы, спартовага складу, немалады.

«Ён асэнсавана ішоў на гэты крок. У мяне некалькі версіяў. Але на працэнтаў 30 я схіляюся да таго, што мяне папужалі па палітычных матывах. Я павінна была памерці, бо ён чатыры разы мяне ўдарыў па галаве. Як я выжыла, як я збегла – я ня памятаю», – адзначыла спадарыня Вольга.

Ейны сын больш за год ваюе ва Украіне. Па гэтым факце супраць яго распачалі крымінальную справу па артыкуле «Найміцтва». Да яе прыходзілі з вобшукам, падчас якога і забралі ноўтбук.

«Узялі маю рэч і трымаюць з 14 сакавіка. Я лічу, што гэта незаконна. Мой сын паехаў да сяброўскага ўкраінскага народу. Маё дзявочае прозвішча ўкраінскае, у нас ёсць украінскія карані. Ён быў на базе «Азоў« інструктарам. Я ня бачу ў гэтым нічога дрэннага», – распавяла Вольга.

НМ, belsat.eu, паводле «Радыё Свабода»

Стужка навінаў