Пад Менскам пʼяны на вачах дзяцей жорстка збіў сабаку. Цела жывёліны дагэтуль не знайшлі


Хатні гадунец на мянушку Блэк Джэк знік у вёсцы Аколіца. Гаспадары жывёліны кажуць, што яго на вачах у дзяцей забіў сусед, а піск сабакі было чуваць на ўсю вёску. Алена і Максім напісалі заяву ў міліцыю. Аднак пакуль няма трупа – няма і крымінальнага артыкулу «Жорсткае абыходжанне з жывёлінамі».

Пра трагедыю Алене і Максіму паведамілі дзеці, якія сталі сведкамі расправы. Яны і ўказалі бацькам на злачынцу, які стаў сабаку на галаву і жорстка яго збіваў, а пасля ўдарыў нажом.

Праз дзве вуліцы ад іх дому жыве сямейная пара, да якіх прыехалі сваякі – дачка з мужам. Яны разам нешта адзначалі. Абодва мужчыны былі нападпітку і ў крыві.

«Я стала крычаць, пытацца, хто гэта зрабіў, таму што перада мной паўстала карціна: двое мужчын, яны абодва былі ў крыві. Я не разумела, хто з іх гэта зрабіў. І малады мужчына выйшаў і горда заявіў, што гэта зрабіў ён», – распавяла Алена.

Увесь час мужчына паводзіў сябе агрэсіўна.

Жонка забойцы папрасіла не вызываць міліцыю, бо «яны таксама адпачываюць, а сабака напужаў іх аднагадовую дачку».

Гаспадары Блэк Джэка ўсё ж вызвалі праваахоўнікаў, якія склалі адміністрацыйны пратакол. Пазней Алена і Максім напісалі заяву аб прыцягненні 28-гадовага мужчыны да крымінальнай адказнасці. Вядома, што яго ўжо дапыталі. Аднак дагэтуль не зразумела, дзе ён схаваў цела.

ДР belsat.eu паводле tut.by ont.by

Стужка навінаў