Пад Лідай праспявалі беларускія патрыятычныя песні


Ні дождж, ні халоднае надворʼе не перашкодзіла адсвяткаваць Дзень беларускай вайсковай славы аграсядзібе «Гасціна» у вёскі Пескі, што на Лідчыне.

Адзначыць слаўную перамогу войскаў ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім пад Воршай сабралася каля паўсотні беларускіх патрыётаў.

Фестываль беларускай патрыятычнай песні і паэзіі можна лічыць традыцыйным. Роўна год назад, 8 верасня, актывісты Лідскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы вырашылі ўпершыню адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы спевамі і чытаннем вершаў. Сёлета фестываль не толькі працягнуў сваё жыццё, але і пашырыў кола выступоўцаў і слухачоў.

Андрэй Мельнікаў

На пачатку імпрэзы перад гасцямі выступіў лідскі грамадскі актывіст і паэт Станіслаў Суднік. Праграму прадоўжылі выступы паэта Міхася Скоблы, спявачкі Таццяны Грыневіч-Матафонавай, рок-музыкі Алеся Дзянісава, бардаў Змітра Захарэвіча, Андрэя Мельнікава і Змітра Бартосіка.

«Мяне вельмі ўразіла сямейная ўтульная атмасфера на фестывалі. Большасць прысутных я ведаў, але і незнаёмыя людзі падаваліся ў гэтых варунках, як даўнія сябры і прыяцелі. Асабліва хочацца адзначыць арганізацыю. Віталь Карабач, уладальнік аграсядзібы зрабіў усё, каб людзі адчувалі сябе на імпрэзе, як у сябе дома», – дзеліцца ўражаннямі Алесь Дзянісаў.

Як зараджаўся фестываль, узгадвае адзін з ягоных заснавальнікаў Вітольд Ашурак:

«Ідэя стварэння канцэртнай пляцоўкі ў Песках з’явілася перш за ўсё ў галаве гаспадара аграсядзібы «Гасціна» Віталя Карабача. Віталя абурыла тое, што ў Беларусі існуе практыка забароны канцэртаў непажаданых для рэжыму музычных калектываў і спевакоў. Яго галоўнай думкай было – няма чаго спадзявацца на ўлады, а трэба самім стварыць умовы і месца для беларускіх выканаўцаў. Нас цікавілі менавіта беларускія калектывы. Карацей, Віталь набываў матэрыялы, а мы, ягоныя сябры будавалі».

Упершыню кола сольных выступоўцаў пашырылі спевы народнага калектыву – сваю праграму прэзентаваў украінскі хор «Смерічка» («Ялінка») з гораду Ліды.

Фэст пад Лідаю працягвае добрыя традыцыі аналагічнага фестывалю, які ладзіўся з 1991 года на Крапівенcкім полі, але ў апошнія гады не праводзіўся з-за перашкодаў з боку ўладаў.

Глядзіце таксама:

Васіль Антаневіч, belsat.eu

Стужка навінаў