Пад Горадняй знішчаюць каштоўны лес дзеля пашырэння могілак


Гораду патрэбная тэрыторыя для могілак, праз месяц не будзе месца, каб хаваць людзей – кажуць улады. Мясцовыя жыхары тым часам змагаюцца за лес сваймі спосабамі – прабіваючы колы тэхніцы.

Як распавяла «Белсату» жыхарка аграгарадка Путрышкі Святлана Бозыр, канфлікт з уладамі Горадні праз пашырэнне могілак і высечкі лесу пачаўся яшчэ больш за 20 гадоў таму. На месцы састарэлага пітомніка раслінаў адкрылі могілкі «Аульс», якія з цягам часу пачалі пашырацца ў бок аграгарадка.

Тэрыторыя пітомніку скончылася і пачалося наступленне на лес, які жыхары вёскі ў тыя гады адстаялі, а ўлады пісьмова заверылі, што работы спыненыя і працягвацца не будуць. Аднак аказалася, што ўлады праблему не вырашылі.

Па другі бок могілак – поле, якое паводле папераў з’яўляецца прамысловай зонай. Аднак мясцовыя ўлады вырашылі, што могілкі трэба пашыраць менавіта ў кірунку аграгарадка. На бліжэйшай вуліцы знаходзіцца больш за 30 дамоў, жыхары бяруць ваду з калодзежаў і ўласных свідравінаў. Пры гэтым высякаюцца каштоўныя векавыя дубы.

«Нам улады нічога не тлумачаць, лясгас аддаў гэткае багацце жыллёва-камунальнай гаспадарцы пад высечку. Гэта больш за 23 гектараў дубровы. У нас пытанне: ці можа сапраўдны гаспадар проста аддаць лесапаркавую зону 1 катэгорыі ахоўнасці для іншых мэтаў – высечкі каштоўнага дрэва пад пахаванні?» – кажа спадарыня Святлана Бозыр.

Паводле Ляснога кодэксу гэткая лесапаркавая зона не падлягае вырубцы, а толькі абнаўленню і захаванню. Больш за тое, яна з’яўляецца адзіным абарончым шчытом ад прамысловай зоны «Аульс» і хімічнага гіганта«Горадня Азот».

ААТ «Горадня Азот»

«У Інспекцыі аховы прыроды і расліннага свету на нашыя лісты пра экалагічную пагрозу і пагрозу жыццю і здароўю жыхароў рэагуюць вельмі спакойна, дбаючы толькі пра памерлых. Нам пішуць, што дубы прадаюцца з аўкцыёну. Адзін кубаметр дуба каштуе 150 рублёў, хвоя – 66. Дык куды ідуць грошы? Раённае багацце прадаецца, грошы забірае горад, а жыхары вул. Фестывальнай будуць жыць каля могілак, глядзець на крыжы і піць атрутную ваду?» – абураецца спадарыня Святлана.

Парушэння заканадаўства няма?

Пакуль што працаўнікі ЖКГ спілавалі і выкарчавалі 5 гектараў лесу з 24.

«Усё, што мы робім – цалкам законна, – тлумачыць адзін з працаўнікоў высечкі, – Мы проста робім сваю працу па замове ЖКГ. Праз месяц тут на могілках скончыцца месца і хаваць не будзе дзе. А мы праводзім звычайную высечку. Тут няма ніякага шчыта. І калі гэтае месца закончыцца, гарвыканкам будзе вырашаць, што рабіць. А тое, што людзі баяцца, нібыта вада да іх пойдзе? Не пойдзе. Там жа водаадвод будзе. Няхай супакояцца. І так параскідвалі па лесе кавалкі заточанай арматуры. Восем колаў ужо прыйшлося памяняць! Дык гэта ж тэхніка, а каб чалавек пакалечыўся?»

ПВ, belsat.eu
Фота – Васіль Малчанаў

Стужка навінаў