Пад Горадняй плавалі Чапаеў, Мальвіна і «чырвонаармейцы» з БРСМ


На шлюзе Аўгустаўскага каналу прайшоў камічны заплыў ды спаборніцтвы па «балотным» футболе. 

Урачыстасці на шлюзе Дамброўка па беларускім баку каналу гэтымі выходнымі былі прымеркаваныя да фестывалю «Аўгустаўскі канал у культуры трох народаў». Сёлета, аднак, фэст не абмежаваўся традыцыйнымі выступамі фолк-калектываў з Польшчы, Літвы і Беларусі.

Заплывы «на чым трапілася» ладзіліся на фестывалі ўпершыню. Большасць удзельнікаў – каманды раёнаў, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацыяў. Напрыклад, каманда «Чырвоны бык» рэпрэзентавала Гарадзенскі мясакамбінат, а «Капітан Врунгель» – Наваградскую ЖКГ. Нехта апрануўся піратам, нехта ўдзельнікам Дажынак-2015, рэшта – іншымі казачнымі персанажамі… Адзначыліся івейскія БРСМаўцы, якія вырашылі нагадаць пра гадавіну перамогі ў нямецка-савецкай вайне, нацягнуўшы чырвонаармейскія гімнасцёркі.

Побач праходзілі спаборніцтвы па «брудным» або «балотным» футболе. Яшчэ напярэдадні фэсту заяўкі на ўдзел падалі некалькі дзясяткаў як мужчынскіх, так і жаночых камандаў. Сам фестываль праводзіцца ўжо 15 год, аднак арганізатары ўпарта даводзяць, што могуць здзіўляць гледачоў усё новымі і новымі неспадзяванкамі.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў