Пад Берасцем адпрацоўваецца ўвядзенне міратворчага кантынгенту на тэрыторыю іншай дзяржавы


Фота з сайту Мінабароны Сербіі

З 6 па 15 чэрвеня 2017 года на палігоне Берасцейскі, участках мясцовасці Берасцейскага раёну і ракі Мухавец праходзіць беларуска-расейска-сербскае тактычнае вучэнне «Славянскае братэрства – 2017». Пра гэта паведамляе Мінабароны Беларусі.

У вучэнні прымае ўдзел узмоцнены асобны батальён 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, парашутна-дэсантны батальён 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі Расеі (пскоўскія дэсантнікі) і парашутная рота Спецыяльнай брыгады сербскай арміі. Разам увесь кантынгент складае шматнацыянальную батальённую тактычную групу.

Аперацыя праходзіць пад кіраўніцтвам генерал-маёра Вадзіма Дзенісенка. У вучэннях удзельнічае больш за 800 вайскоўцаў і звыш 100 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі. У тым ліку з Расеі дастаўлена больш за 20 адзінак бранятанкавай тэхнікі, 10 – аўтамабільнай, ад ваенна-касмічных сіл таксама прыцягваецца авіяцыйная група з шасці ІЛ-76.

Як паведамляе БелТА, паводле легенды, на тэрыторыю пэўнай дзяржавы ўведзены міратворчы кантынгент для выканання контртэрарыстычнай аперацыі. Задача па стабілізацыі становішча ў дадзеным рэгіёне ўскладзена на вайскоўцаў Расеі, Беларусі і Сербіі. Асноўная частка аперацыі мусіць прайсці ў цёмны час сутак.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары