Пад Бараўлянамі зладзілі чэмпіянат па «блінцах» і клічуць дэпутатаў на дайвінг у гіганцкай лужыне


Вось гэтак выглядае народны крэатыў супраць чынавенскага бяздзеяння.

Не першы год жыхары пасёлку Вопытны вядуць змаганне з чыноўнікамі, якія аніяк не могуць даць рады з «вечнай лужынай» проста пасярод вуліцы Цэнтральнай.

Стараста п. Вопытны Юрый Філіпаў

Стараста пасёлку Юрый Філіпаў распавёў belsat.eu, што памятае гэтую лужыну яшчэ з 2005 года, калі набыў тут зямлю. З тых часоў змянілася некалькі старшыняў сельсавету, а сітуацыя толькі пагоршылася: вады з кожным годам становіцца ўсё болей, высыхае гэта «мора» толькі ўлетку падчас спёкі ды ізноў з’яўляецца з першым дажджом.

Шматгадовая перапіска з чыноўнікамі так і не прывяла да станоўчага выніку, таму мясцовыя жыхары, вырашылі прыцягнуць увагу да праблемы крэатыўным шляхам – зладзілі спаборніцтвы па кіданні каменьчыкаў па паверхні лужыны, ды знялі жартаўлівае відэа.

У адмысловым чаце, дзе абмяркоўваюцца праблемы пасёлка Вопытны, ужо складаюць вершы пра «Бараўлянскае мора», ды ідзе абмеркаванне арганізацыі актыўнасцяў вакол лужыны на бліжэйшыя выходныя. Нехта прапанаваў зладзіць зімовую рыбалку, была сярод прапановаў і арганізацыя дайвінг-туру для мясцовага дэпутата. Пакуль спыніліся на правядзенні турніру на самы высокі фантан бруду з-пад колаў праязджаючых праз лужыну аўто.

Дарожнікі нічога зрабіць не могуць?

У кіраўніцтва мясцовага дарожна-рэмонтна-будаўнічага ўпраўлення адказ адзін: няма рэсурсаў для вырашэння гэтай праблемы, хоць праект на правядзенне працаў ужо гатовы.

Мясцовы жыхар Дзмітрый Ляўчук распавёў, што лужына – не адзіная праблема, за вырашэнне якой прыходзіцца змагацца. Дагэтуль не зробленыя пад’ездныя шляхі да новага дзіцячага садка, які нядаўна адчыніўся побач з пасёлкам, і адзіны даезд да садка праходзіць менавіта праз сумнавядомае «Бараўлянскае мора».

Каб не спыняцца на жартах, жыхары вырашылі стварыць у інтэрнэце петыцыю, дзе кожны неабыякавы можа паставіць свой подпіс за вырашэнне мясцовых дарожных праблемаў.

Дзмітрый дадае, што акрамя праблемаў з дарогамі, у людзей накапілася яшчэ шмат прэтэнзіяў да мясцовых уладаў. Гэта і цемра па вуліцах з-за непрацуючых ліхтароў, і недахоп сацыяльнай інфраструктуры – чэргі ў паліклініках, недахоп садкоў і школаў. Замест таго, каб вырашаць гэтыя праблемы, чыноўнікі распрадаюць зямлю пад шматпавярховую забудову, ствараючы гэтым яшчэ большую перагрузку на існую інфраструктуру.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў