Пачынае працу спартова-патрыятычны клуб «Ваяр», арганізаваны «Маладым фронтам»


[/vc_column_text][vc_column_text]Клуб «Ваяр» будзе займацца выхаваннем моладзі ў нацыянальным духу, фізічнай і дапрызыўнай падрыхтоўкай. Фактычна, клуб будзе спартова-патрыятычным крылом «Маладога Фронту».

Як паведамілі стваральнікі клубу, «Ваяр» – гэта спартова-патрыятычны клуб, створаны «Маладым Фронтам» для выхавання беларускіх хлопцаў і дзяўчат у здаровым нацыянальным духу.

«Перад тварам вонкавых пагрозаў мы бачым, што каб быць беларускім патрыётам цяпер не дастаткова ведаць на зубок родную мову або насіць вышыванку. Трэба таксама ўмець пастаяць за свой Край і яго тэрытарыяльную цэласнасць», – напісана на сайце «Маладога фронту».

Маладафронтаўцы адзначаюць, што іхная праца скіраваная на дапрызыўную падрыхтоўку беларускай моладзі, выхаванне патрыятызму ды асабістай адказнасці, фізічнае загартоўванне хлопцаў ды дзяўчат.

«Наша дзейнасць не супярэчыць заканадаўству Беларусі. Мы не рыхтуем дыверсантаў ды баевікоў, не трэнуемся з баявой зброяй (толькі страйкбольныя прывады ды маса-габарытныя мадэлі), таму ўсе спробы на нас нешта «павесіць» будзем лічыць правакацыямі», – гаворыцца ў паведамленні.

Бараніць свой дом – святы абавязак і інтарэс кожнага, пішуць маладафронтаўцы. Неўзабаве яны маюць правесці ўстаноўчы з’езд клубу «Ваяр».

«Ваяр» можа стацца альтэрнатывай для шматлікіх казацкіх клубаў, якія дзейнічаюць у Беларусі пры праваслаўных цэрквах ды маюць прарасейскую арыентацыю. У выпадку імкнення Расеі зрабіць анексію Беларусі, як гэта адбылося з Крымам, прадстаўнікі праваслаўна-казацкіх клубаў могуць стаць апірышчам Расеі і фактычнымі выканальнікамі загадаў з Масквы.

МЯ, паводле mfront.net

Стужка навінаў