Пачаўся збор подпісаў за забарону «георгіеўскай» стужкі ў Беларусі


«Сімвалам беззаконня, хаосу, нестабільнасці і сепаратызму» назвалі расейскую чорна-аранжавую стужку аўтары петыцыі, размешчанай на сайце Petitions.by. Яны прапануюць увесці адміністратыўную адказнасць за ўжыванне і выраб адпаведнай сімволікі.

Прапанову падтрымалі ўжо больш за 400 чалавек.

З апорай на пазіцыю беларускай дыпламатыі

У петыцыі падкрэсліваецца, што міжнародная супольнасць (як і Беларусь) не прызналі ўключэнне Крыму і Севастопаля ў склад Расейскай Федэрацыі, дзе «георгіеўская» стужка выкарыстоўвалася як сімвал ворагаў Украіны.

Расейскія баевікі ў захопленым украінскім горадзе Славянск. Фота wikipedia.org

Таксама Беларусь прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і яе правы на Данецкую і Луганскую вобласці, часткі якіх зараз знаходзяцца пад кантролем узброеных баевікоў. «Георгіеўскую» стужку выкарыстоўваюць як сімвал прарасейскіх сіл на тэрыторыі Данбасу (Украіна) падчас захопу ўлады з выкарыстаннем агняпальнай зброі і ваеннай тэхнікі, адзначаюць аўтары петыцыі.

У сувязі з гэтым дэманстрацыя стужкі – сімвала сепаратызму і адмаўлення права постсавецкіх дзяржаў на захаванне сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці – «з’яўляецца небяспекай для Рэспублікі Беларусь».

Выключэнні ёсць

Аўтары петыцыі прапануюць увесці адміністратыўную адказнасць за выраб, публічнае выкарыстанне, дэманстрацыю, нашэнне і распаўсюджванне «георгіеўскай» стужкі і/ці яе выяваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.


Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў падчас анексіі Крыму. Фота wikipedia.org

Таксама прапануецца вызначыць выключэнні, на якія забарона не будзе распаўсюджвацца – дакументы, арыгіналы баявых сцягоў, дзяржаўныя ўзнагароды, надмагільныя пабудовы.

Выказваецца меркаванне, што гэтая забарона пакажа краінам бліжняга і далёкага замежжа, што грамадзяне Беларусі зацікаўленыя ў захаванні незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці сваёй краіны, захаванні нацыянальнай бяспекі і падвышэнні духу патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці.

Дыскусія

Петыцыю на сённяшні момант падпісалі 424 чалавекі, пры гэтым яна сабрала 80 лайкаў і 66 дыслайкаў, што адлюстроўвае даволі радыкальныя разыходжанні меркаванняў аўдыторыі на гэтую тэму.

Дыскусія пад петыцыяй налічвае ўжо 217 каментароў. Людзі спрачаюцца пра тое, чый Крым, пра сімволіку нацыянальную і савецкую, пра сталінскія рэпрэсіі і Другую сусветную вайну.

Зварот плануецца накіраваць у Раду Міністраў і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праз 5 дзён.

Несвятая стужка

Шырокае распаўсюджванне ў Расеі, Украіне і Беларусі чорна-аранжавая стужка атрымала ў канцы 2000 гадоў, калі расейскія прапагандысты заклікалі выкарыстоўваць як сімвал павагі да савецкіх ветэранаў Другой сусветнай вайны. Гэта пры тым, што ў Беларусі стужку падчас вайны выкарыстоўвалі як раз расейскія прыхільнікі нацыстаў. http://belsat.eu/news/natsystskaya-gistoryya-georgieuskaj-stuzhki-u-belarusi-fotadokazy/


Расейскія барацьбіты з «жыда-бальшавізмам» і іхныя стужкі ў Беларусі ў 1944 годзе

Потым стужка стала сімвалізаваць ужо палітычную арыентацыю – падтрымку палітыкі прэзідэнта Расеі Уладзімера Пуціна і прарасейскія настроі ў цэлым. У 2014 годзе стужка колераў расейскага ордэну святога Георгія стала часткай сімволікі антыўкраінскія баевікоў у Крыме і на Данбасе.

Традыцыйныя агульнаеўрапейскія (і беларускія) геральдычныя колеры святога Юрʼя (Георгія) – белы і чырвоны. Гэтак афіцыйны сцяг Ангельшчыны – чырвоны крыж на белым поле – так і называецца сцягам святога Юрʼя ў міжнароднай геральдыцы. Тое ж і ў Грузіі, дзе святы Юрʼя афіцыйны апякун краіны і нават даў сваё імя яе еўрапейскай назве – «Georgia».

Міжнародны досвед

У траўні 2017 года Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла закон, згодна з якім выраб і выкарыстанне «георгіеўскіх стужак» вядзе да грашовага пакарання. У Эстоніі такія стужкі лічацца парушэннем грамадскага парадку з 2008 года, калі яны выкарыстоўваліся ў якасці сімволікі антыэстонскімі пагромшчыкамі. Не вітаюць выкарыстанне стужкі ўлады Грузіі, Казахстана, Узбекістана.

Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў зʼяўляўся на публічных мерапрыемствах з камбінаванай стужкай – «яблынева-георгіеўскай». Крыніца https://vesti-ua.net

Беларусь уводзіць з 2015 года ўласны сімвал перамогі ў Другой сусветнай вайне – яблыневую кветку на чырвона-зялёнай стужцы. У Казахстане зрабілі сваю стужку – з савецкім ордэнам Айчыннай вайне на фоне нацыянальнага сцяга. У Кіргізіі сімвалам перамогі стала стужка чырвонага колеру з жоўтымі палоскамі.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў