Пачаўся суд над падазраванымі ў здзяйсненні тэрактаў у Каталоніі


Сёння ў Мадрыдзе пачаўся суд над чатырма затрыманымі па падазрэнні ў дачыненні да тэракту ў Барселоне, перадае bbc.com

Нацыянальная судовая калегія павінна вырашыць, якія менавіта абвінавачванні будуць прадʼяўленыя затрыманым.

Затрыманыя – Мухамед Шэмляль, Дрыс Укабір, Мухамед Ааля і Сальх Карыб – былі дастаўлены ў Мадрыд ноччу пры павышаных мерах бяспекі ў суправаджэнні супрацоўнікаў грамадзянскай гвардыі Іспаніі.

Паводле версіі каталонскай паліцыі, яны зʼяўляліся членамі тэрарыстычнай ячэйкі, якая складаецца з 12-ці чалавек, восем з якіх былі забітыя пасля нападаў у Барселоне і Камбрыльсе.

У ходзе пасяджэнняў у Мадрыдзе суддзя Фернанда Андрэу павінен зачытаць пункты абвінавачання, уключаючы ўдзел у акце тэрарызму, забойстве і незаконным валоданні зброяй. Калі падазраваныя пагодзяцца даваць паказаньні, ім будуць задаваць пытанні ў судзе. Слуханне павінна завяршыцца рашэннем аб заключэнні падазраваных пад варту да заканчэння расследавання.

Верагодны выканаўца тэракту ў Барселоне Юнес Абуйаакуб быў застрэлены паліцыяй у панядзелак у горадзе Субіратс непадалёк ад каталонскай сталіцы. Як мяркуецца, менавіта ён быў за рулём фургона, які ўрэзаўся ў натоўп турыстаў на пешаходным бульвары Рамбла ў мінулы чацвер.

У выніку самага крывавага за апошнія 13 гадоў тэракту ў Іспаніі 17 жніўня загінулі 15 чалавек, больш за 100 атрымалі раненні. Адказнасць за напад узяла тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў